Готовность к посевной обсудили участники заседания Шумилинского райисполкома

Актуалии Президент Экономика

На кантролі – гатоўнасць да пасяўной


На пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло ў панядзелак 25 сакавіка, разгледзелі гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый да пасяўной і зацвердзілі рабочы план правядзення вясенніх палявых работ у раёне.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Алег Быкаў падкрэсліў, што, улічваючы выбар Шуміліна цэнтрам абласных “Дажынак” у 2021 годзе, сёлетняя пасяўная стане экзаменам для ўсяго раёна. Неабходна сабраць не менш за 30 тысяч тон збожжа, а для гэтага трэба правесці веснавыя палявыя работы ў самыя сціслыя тэрміны пры найвышэйшай якасці ўсіх работ. Тым больш, што нямала зроблена з восені для таго, каб згладзіць веснавое напружанне: пасеяна амаль сем тысяч гектараў азімых зерневых, амаль дзве тысячы гектараў азімых крыжакветных, узнята 7900 гектараў зябліва.
Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ягор Чарняўскі, які выступаў з дакладам, паведаміў, што ў гаспадарках раёна сёлета трэба пасеяць 14860 гектараў яравых, у тым ліку 8 тысяч га яравых зерневых, 2 тысячы га крыжакветных, 1260 га аднагадовых культур, 3050 га кукурузы, пасадзіць 50 га бульбы. Гаспадаркі раёна забяспечаны насеннем пад поўную патрэбнасць, але з мэтай паляпшэння насеннага фонду неабходна набыць 120 тон элітнага насення яравых культур.
Для забеспячэння грамадскага статку кармамі неабходна падсеяць 5320 га шматгадовых траў, у тым ліку 2600 га з бабовым кампанентам, правесці перазалужэнне на плошчы 3060 га. Пад азімыя ўжо падсеяна больш за 2000 га шматгадовых траў, у тым ліку 2000 га – бабовых. Насенне траў у сельскагаспадарчых арганізацыях маецца ў дастатковай колькасці.
Для ўнясення ў глебу пад запланаваны ўраджай патрэбна 5300 тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, пакуль назапашана 380 тон (7% ад патрэбнага). Пры плане ўнясення 215 тысяч тон арганічных угнаенняў гаспадаркамі раёна вывезены на палеткі 124 тысячы тон (57,8%). Недастатковымі тэмпамі ідзе закупка пратравы для насення і гербіцыдаў.
На падрыхтоўку і рамонт тэхнікі выдаткавана 120 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і 30 тысяч рублёў уласных сродкаў гаспадарак. Гатоўнасць тэхнікі складае ад 82% да 88%.
Набліжаецца да завяршэння рамонт тэхнікі ў ААТ “Ляжні”, КУСГП “Мішневічы”, СУП “Лаўжанскае”. Складаная сітуацыя з рамонтам трактароў і пасяўных агрэгатаў у ААТ “Прыазёрны мір” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
Былі заслуханы справаздачы начальніка аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Рамана Прасветава, галоўнага спецыяліста ўпраўлення Віталя Коваля, галоўнага інспектара Дзяржтэхнагляду Сяргея Пантаплёва, кіраўнікоў усіх сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што без падтрымкі гарадскіх арганізацый будзе складана правесці пасяўную, таму кіраў-нікам арганізацый трэба неадкладна накіраваць у гаспадаркі работнікаў і тэхніку, якія размеркаваны згодна з прынятым рашэннем. Кіраўнік раёна запатрабаваў дапрацаваць рашэнне з улікам абмеркавання і неабходнасці выставіць усю тэхніку на лінейку гатоўнасці да 1 красавіка. Толькі зладжанае, арганізаванае правядзенне веснавых работ дазволіць правесці пасяўную ў аптымальныя тэрміны і атрымаць запланаваны ўраджай, адзначыў Алег Быкаў.
Другім пытаннем разгледзелі выкананне ў мінулым годзе падпраграмы “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады і задачах па яе выкананні на 2019 год. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава паведаміла, што ўсе вызначаныя праграмай паказчыкі на 2018 год выкананы: працаўладкавана на новыя працоўныя месцы 79 чалавек (заданне 70 чалавек); узровень зарэ-гістраванага беспрацоўя склаў 0,1% (1%), на 1 студзеня бягучага года ў раёне налічваецца 9 беспрацоўных; уладкаваны на працу 260 чалавек, што складае 67,4% ад тых, хто звярнуўся за дапамогай (заданне 65%), працаўладкаваны 29 беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі (шматдзетныя бацькі, бацькі з няпоўных сем’яў, інваліды, вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, моладзь да 21 года і іншыя), з 50, што склала 58% (заданне 55%); абучана 12 чалавек, у тым ліку 8 – пад заказ наймальніка (66,7% пры плане 50%); накіравана на абучэнне 5,7% беспрацоўных (5,4%), агульны ўзровень уладкавання на працу беспрацоўных склаў 60,2% (58%).
Да таго, 51 чалавек прыцягваўся да грамадскіх аплачваемых работ, 2 чалавекам аказана садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, да часовай занятасці прыцягваліся 211 вучняў і студэнтаў, 3 сем’ям аказана падтрымка для перасялення на новае месца работы і жыхарства.
У 2019 годзе прадугледжана аказаць садзейнічанне ў пошуку работы 210 грамадзянам, арганізаваць грамадскія работы для 70 чалавек, прыцягнуць да другаснай занятасці 60 вучняў, аказаць садзейнічанне ў перасяленні 1 сем’і, 1 беспрацоўнаму садзейнічаць у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці для працаўладкавання катэгорый грамадзян, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, забраніраваны 54 працоўныя месцы.
Да дакладчыка быў шэраг пытанняў, якія тычыліся вывучэння рынку працы, методыкі вызначэння кантрольных лічбаў. Так, старшыня райвыканкама запытаў, чаму для адкрыцця ўласнай справы запланавана толькі адна субсідыя, што робіцца па пошуку ініцыятыўных грамадзян? Тым больш, што ёсць прыклады сельскіх раёнаў, дзе субсідыі на адкрыццё сваёй справы выдзяляюцца штогод 5-10 грамадзянам. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая ўзначальвае раённую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, адзначыла, што кантрольныя лічбы па ўладкаванні на працу грамадзян не адпавядаюць рэальнай сітуацыі на рынку працы: на ўліку стаіць 9 беспрацоўных, у той час, як у базе працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, знаходзіцца больш за 1700 чалавек. Якая работа вядзецца ўпраўленнем з гэтымі грамадзянамі? Чаму пры вялікай патрэбнасці ў грамадскіх аплачваемых работах у сельвыканкамах, УП ЖКГ плануецца прыцягнуць да такіх работ толькі 70 чалавек? Чаму не праводзяцца рэгулярна кірмашы вакансій, грамадзяне, якія не маюць работы, не запрашаюцца на іх персанальна? На большасць пытанняў, на жаль, адказаў не прагучала. Рашэнне райвыканкама па гэтым пытанні будзе прынята пасля дапрацоўкі з улікам заўваг і прапаноў. Таксама было прапанавана ў будучым пры вынясенні падобнага пытання разгледзець увесь комплекс існуючых праблем.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2019 г.