Депутаты Шумилинского райсовета обсудили насущные вопросы жизнедеятельности района

Актуалии Новости Президент

Захаваць і замацаваць станоўчыя тэндэнцыі

29 сакавіка прайшла чарговая чатырнаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.
На сесіі са справаздачай аб праведзенай рабоце і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі выступіла старшыня раённага Савета Ірына Новікава. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Быкаў, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дырэктар РДУП “Беларуснафта-Віцебскабалнафтапрадукт” Аляксандр Капшуль, начальнік аддзела кадравай работы Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Святлана Сцяржнёва.
Падрабязны аналіз становішча спраў у раёне, прадстаўлены кіраўніком райсавета, сведчыць пра наяўнасць як станоўчых тэндэнцый у справах, так і негатыўных. Задача органаў улады, кіраўнікоў усіх узроўняў – замацаваць і развіваць станоўчыя тэндэнцыі ва ўсіх сферах жыцця раёна, адзначыла Ірына Новікава.
Так, у раёне актыўна развіваюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы (107 арганізацый, 179 індывідуальных прадпрымальнікаў), доля якіх у напаўненні раённага бюджэту складае 56,7%. У мінулым годзе доля інавацыйнай прамысловай прадукцыі склала 53% ад агульнага аб’ёму – лічба забяспечана прадукцыяй Обальскага керамічнага завода. Арганізацыямі раёна выконваюцца такія паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, як экспарт тавараў і паслуг, выпуск прамысловай прадукцыі, рознічны тавараабарот і тавараабарот грамадскага харчавання. У раёне вядзецца будаўніцтва жылля: на працягу апошніх год уводзіцца 32-кватэрны жылы дом, не лічачы жылых дамоў, якія будуюцца жыхарамі раёна. Будуецца чарговы дом і сёлета, а на наступны год запланавана будаўніцтва новага. З мэтай замацавання моладзі ў раёне ставіцца задача забяспечыць жыллём маладых спецыялістаў, якія прыходзяць працаваць на Шуміліншчыну. Актыўна вядзецца капітальны рамонт жылых дамоў. Паляпшаецца матэрыяльнае становішча жыхароў раёна, пра што сведчаць такія лічбы: на ўкладах у банках знаходзіцца 7,5 мільёна рублёў, павялічваецца колькасць транспартных сродкаў у грамадзян (зараз 6409 адзінак).
Разам з тым, адзначыла Ірына Мікалаеўна, захоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі ў дэмаграфічнай сітуацыі: скарачаецца насельніцтва раёна (17523 чалавекі на 1.01.2019 г.), асабліва сельскага, скарачаецца і колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва – 7506 чалавек (у 2018 – 7684). Трэць насельніцтва раёна складаюць пенсіянеры (5973 чалавека), сярэдні памер пенсіі 355,38 рубля. Шмат жыхароў раёна працуюць за яго межамі ці за межамі краіны. Уласныя даходы бюджэту складаюць 38,9%, раён застаецца датацыйным. Пры стабільным штогадовым росце сярэдняй заработнай платы (2018 год – 649,4 рубля), яна застаецца на нізкім узроўні. Застаецца актуальным і пытанне своечасовай выплаты заробкаў, асабліва ў сельгасарганізацыях раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў прааналізавала работу з жыхарамі раёна органаў улады ўсіх узроўняў, дзейнасць па выкананні праблемных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва – рэгулярна праводзяцца “прамыя лініі”, асабістыя і выязныя прыёмы кіраўніцтвам раёна, дні работы з насельніцтвам, дні інфармавання, сходы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах і іншае. У гэтым напрамку значную работу праводзяць дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў, старэйшыны населеных пунктаў раёна, што дапамагае аператыўна выяўляць і рашаць найбольш вострыя праблемы.
У абмеркаванні пытання бралі ўдзел дэпутаты раённага Савета. Мікалай Будневіч, старшыня буйнейшага Обальскага сельсавета, расказаў пра рашэнне пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва, сумесную работу у гэтым напрамку з арганізацыямі, якія працуюць у сельсавеце. Начальнік участка паштовай сувязі Алеся Новікава паведаміла, як ва ўмовах аптымізацыі і скарачэння стацыянарных паштовых аддзяленняў пошта імкнецца захаваць якасць абслугоўвання і ахоп населеных пунктаў і насельніцтва сваімі паслугамі, забяспечыць дастаўку пенсій. Начальнік участка электрасувязі Юрый Маскалькоў расказаў пра перспектывы развіцця сучасных тэхналогій у сваёй галіне.
На праблемах вясковай школы і шляхах іх рашэння, бачанні перспектыў развіцця ўстановы адукацыі засяродзілася дырэктар Кардонскай СШ Людміла Васільева. Пытанні развіцця дадатковай адукацыі дзяцей закрануў у сваім выступленні дырэктар Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Руслан Матвейчук. 274 вучні ў Шуміліне і 82 у пяці сельскіх філіялах школы развіваюць свае таленты пры падтрымцы 39 педагогаў, актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, атрымліваюць прызавыя месцы. Арганізацыю спартыўна-масавай работы  ў раёне прадставіў галоўны спецыяліст райвыканкама Андрэй Мазанкоў.
Дэпутаты разгледзелі шэраг іншых пытанняў. Была зацверджана справаздача аб выкананні раённага бюджэту за мінулы год, якую прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама дэпутат раённага Савета Алена Сідарэнка. Таксама былі ўнесены змяненні ў даходную і расходную часткі бюджэту з улікам паступіўшай датацыі ў памеры 300 тыс. рублёў, а таксама з улікам пераразмеркавання сродкаў бюджэту. У сувязі са змяненнем нарматыўнай і заканадаўчай базы былі ўнесены змяненні ў некаторыя ранейшыя рашэнні раённага Савета дэпутатаў. У сувязі з павелічэннем фінансавання дэпутаты зацвердзілі змяненні  ў шэраг комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўных праграм, якія тычацца сацыяльнай абароны, адукацыі, культуры, аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, жыллёвага будаўніцтва, развіцця аграпрамысловага комплексу. Таксама дэпутаты прынялі рашэнне аб удзеле раённага Савета дэпутатаў у стварэнні і дзейнасці Віцебскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2019 г.