Шумилинская районная больница и ПМК-70 создают приемлемые условия для молодёжи

Актуалии Грамадства Моладзь

Маладыя спецыялісты Шумілінскай ЦРБ псіхолаг Анастасія Баганава, загадчыца паліклінікі Дар’я Ёлкіна, медсёстры Кацярына Няфёдава і Анжаліка Турчанава, загадчыца Светласельскай амбулаторыі Ксенія Асташонак, медсёстры Вікторыя Рагозіна і Вікторыя Нікіценка.

Падтрымаць і заахвоціць

Задача прафсаюзаў – падтрымаць і дапамагчы чалавеку працы. Прычым, асаблівая ўвага ўдзяляецца моладзі. Яе важна заахвоціць добрым словам, падставіць плячо, накіраваць да добрых настаўнікаў. Ну, і, вядома, стварыць неабходныя ўмовы для жыцця і работы. Як гэта ўсё рэалізуецца ў жыцці ў ПМК-70 і раённай райбальніцы, мы высвятлялі разам са старшынёй раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Васілём Юхнаўцом.
“Работа ўсіх прафсаюзных пярвічак раёна арганізавана так, што прыярытэтная ўвага адводзіцца маладым спецыялістам, – кажа Васіль Васільевіч. – Яны толькі ўступаюць на свой прафесійны шлях, спрабуюць сябе ў рабоце. Зразумела, недзе памыляюцца. Менавіта прафсаюз  і старэйшыя калегі павінны дапамагчы на шляху прафесійнага станаўлення”. Так арганізавана работа ў Шумілінскай ПМК-70. Тут працуе каля паўсотні маладых людзей да 31 года. У мінулым годзе прыйшлі працаваць 13 маладых спецыялістаў. Гэта муляры, тынкоўшчыкі, вадзі-целі, майстры, электрагазазваршчыкі… Маладым людзям рабочых спецыяльнасцяў выплачаны пад’ёмныя ў памеры тарыфнай стаўкі, а майстрам – у памеры стыпендыі, якую атрымлівалі ва ўніверсітэце. Прыезджым спецыялістам, якіх накіравалі працаваць па размеркаванні ў Шуміліна, прадстаўлена жыллё.
– Я сам з Чашніцкага раёна, закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторыі” і месяц таму прыехаў працаваць у Шуміліна, – расказаў малады майстар Дзмітрый Каралёў. – Хваляваўся, калі ехаў у невядомую мясцовасць: дзе жыць буду, як уладкуюся? Але з гэтым усё добра: мне выдзелілі асобны пакой у інтэрнаце, на рабоце хутка сышоўся з калегамі.
А вось  электрагазазваршчыку Сяргею Стадольніку жыллё не спатрэбілася, бо ён свой, мясцовы, родам з Прыазёрнага, дзе і жыве з бацькамі. Пасля прафесійна-тэхнічнага ліцэю вярнуўся ў свой раён. Атрымаў пад’ёмныя, на якія купіў сабе адзенне. Умовамі работы і калектывам хлопец задаволены. Кажа, што “ягоная брыгада самая лепшая”, бо кожны ідзе насустрач маладому спецыя-лісту, падказвае. На думку кіраўніцтва ПМК-70, моладзь прадпрыемства ініцыятыўная, актыўная, працавітая. Хвалілі майстроў Арцёма Рысаўцава, Станіслава Мацуганава, Уладзіслава Улюценку, электраманцёра Канстанціна Мончыка і іншых.
Кожны год багацее на маладых спецыялістаў раённая бальніца. Зараз тут працуе больш за 80 медыкаў да 31 года.
Як расказаў галоўны ўрач раёна Канстанцін Баканаў, стаўку робяць на мясцовую моладзь: практычна кожнаму жадаючаму старшакласніку выдаюць накіраванне на вучобу ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт ці медыцынскія каледжы. І многія карыстаюцца такой льготай, паступаюць вучыцца і вяртаюцца ў свой раён. Сярод такіх – урач агульнай практыкі загадчыца Светласельскай урачэбнай амбулаторыі Ксенія Асташонак, загадчыца паліклінікі Дар’я Ёлкіна, участковая медсястра Вікторыя Рагозіна, медсёстры Вікторыя Нікіценка і Анжаліка Турчанава. Вярнуліся ў свой раён стаматолаг-артапед Святлана Прыгун, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Людміла Зубарава, хірург Юлія Барадзіна і многія іншыя. Кіраўніцтва райбальніцы вельмі спадзяецца, што мясцовыя медработнікі застануцца працаваць у Шуміліне назаўсёды. Разам з тым і некаторыя віцябляне бралі накіраванне на вучобу ў абласным упраўленні аховы здароўя з тым, каб вярнуцца працаваць у Шуміліна. Такім накіраваннем у свой час скарысталася  медсястра лор-ка-бінета Кацярына Няфёдава, якая працуе ў бальніцы першы год. “Я задаволена, што прыехала ў Шуміліна, – расказала дзяўчына. – Гарадскі пасёлак спадабаўся, тут знайшла новых сяброў. Тры гады адпрацоўкі мяне не пужаюць, бо калектыў райбальніцы дружны, ёсць многа маіх равеснікаў. З першых дзён работы мне разам з калегай выдзелілі блок у інтэрнаце, у кожнага з нас свой пакой. Наколькі ведаю, жыллём забяспечылі ўсіх, хто прыехаў з іншых гарадоў ці вёсак”.
Але не толькі жыллём спрабуюць утрымаць спецыялістаў-медыкаў у раёне. Іх азнаёмілі з асноўнымі палажэннямі калектыўнага дагавора, моладзі выплацілі пад’ёмныя, згодна з калектыўным дагаворам устаноўлены надбаўкі за складанасць і напружанасць, медыкам іншых населеных пунктаў прадугледжана даплата за праезд. Акрамя таго, за моладдзю замацаваны настаўнікі – гэта садзейнічае таму, што дзяўчаты і хлопцы растуць прафесійна, замацоўваюцца ва ўстанове  і не збіраюцца мяняць месца работы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2019 г.