Битва за кукурузу — нелегко даётся каждый гектар

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Кукурузу – на буксір
Каб убачыць,  як з палеткаў убіраюць кукурузу, мы накіраваліся ў “АграБаравінку”, але на рэдакцыйных “Жыгулях” змаглі даехаць толькі да канца вёскі Мазекі. Добра, што ў багажніку былі гумавыя боты (дзякуй райспажыўтаварыству, падарылі неяк на Дзень друку). Спачатку па зябліву, потым па кукурузнаму полю з выбітымі каляінамі з паўтара  кіламетра ідзём да трактароў. Бачым, як кормаўборачны камбайн КЗС-10 напружваецца, упіраецца, рыпіць, з усіх сіл стараецца, каб толькі не завязнуць. Ад яго колаў на полі застаюцца барозны, якія ўмомант напаўняюцца вадой. “КЗСу яшчэ добра, там пярэдні і задні прывад, – тлумачаць механізатары. – І колы заднія, бачыце, якія двайныя і шырокія…”.
Іншыя МТЗ вязнуць у нізінах нават з пустым прычэпам. У звычайны ПІМ, які можа змясціць тон дзесяць здробненай кукурузы, насыпаюць меншую палову гэтага – больш не вывезе, забуксуе. Хаця ўсё адно буксуюць, МТЗ увесь час працуе ў счэпцы з МТЗ-3022.  “На адвозцы ўсяго пяць трактароў, – тлумачыць малады механізатар Віталь Сімакоў. – Прыходзіцца выручаць, выцягваць. Без буксіроўкі сёлета не абысціся”.
Пакуль размаўляем, напалову загружаны ПІМ Сяргея Балботкіна ад’язджае ад палеткаў. Буксуе, яго выцягваюць на больш сухое месца. Следам пад’язджае малады механізатар Андрэй Пруднікаў. “Адвожу за дзень па восем-дзесяць прычэпаў, – расказвае хлопец. – Працаваць на шумілінскіх нізкіх землях нялёгка. Каля Язвіна дажджы так залілі, што там утварылася суцэльнае возера – на поле не заехаць. Убіраць там зможам, калі прыціснуць маразы”.
Андрэю пасігналілі калегі і ён подбегам паспяшаўся ў кабіну трактара. І зноў па кукурузнаму полю едзе троіца – КЗС і два МТЗ у счэпцы.
“Сёлетняя ўборка кукурузы стала сапраўдным выпрабаваннем, – кажа кіраўнік ААТ “АграБаравінка” А. І. Мясаедаў. – Не хацелася б задзейнічаць так многа тэхнікі на ўборку, але ў нас няма іншага выйсця. Прыходзіцца і лішнія рэйсы рабіць з няпоўнымі прычэпамі, і трактары цягаць. А гэта лішнія выдаткі, дадатковае паліва. Але ж ідзём на гэта, бо ўраджай вырас сёлета добры, нельга пакінуць на полі”.
Падобная сітуацыя на кукурузных палетках, як паведаміў намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству В. У. Коваль, склалася і ў іншых гаспадарках раёна. На мінулым тыдні пасля дажджоў у пяці гаспадарках раёна ўвогуле не маглі заехаць ні на адно кукурузнае поле. Затое і тэмпы буксуюць: на 17 кастрычніка ў раёне яшчэ не ўбрана 670 гектараў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №80 ад 18.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *