О проблемах службы быта рассказывает Виктор Бабичев

Актуалии Экономика

В. П. Бабичев

В. П. Бабічаў:  “Нас падкасілі даўгі…”
Бытавой службе ніколі не было лёгка. А тым больш у 2011-м, калі ліхаманіла ўсю эканоміку. Якія праблемы ў бытавым абслугоўванні, ці ёсць рэзервы для таго, каб выглядаць  больш прыстойна і аўтарытэтна, — пра гэта і многае іншае наша гутарка з дырэктарам КУП БАН раёна В. П. Бабічавым.
— Віктар Паўлавіч, раскажыце пра вынікі 2011 года.
— Калі коратка, спрацавалі па нулях. Мы і раней не мелі ад сваёй дзейнасці прыбыткаў, а за леташні год — асабліва. Не сакрэт, што бытавая служба — не цукар, тут нямала “рыфаў” у арганізацыі працы. Аднак мы не пасуем перад цяжкасцямі. Праўда, удаецца не ўсё. 2011 год для асобных накірункаў работы аказаўся няўдалым. Калі ў цэлым, аказана паслуг на 560 мільёнаў рублёў, усяго ж зарабілі 740 мільёнаў. Год назад здабыткі былі больш важкія. Зроблены аналіз з тым, каб бачыць перспектыву і свае рэзервы.
Па-першае, нас падкасілі даўгі. Мы ў свой час запазычылі пастаўшчыкам 70 мільёнаў, а цяпер вяртаем. Гэта цяжка, засталося каля 20 мільёнаў. Страцілі некаторыя віды паслуг. Раней мы актыўна займаліся вырабам калодзежаў, зараз гэтую паслугу аказваюць камунальнікі. Тое ж і па бетонных работах. Што ж, УП ЖКГ — прадпрыемства буйное, з саліднай матэрыяльнай базай. У нас жа не хапае абаротных сродкаў. Калі б з гэтым было добра, загрузілі б па поўнай праграме сваіх швачак. Некалькі гадоў запар мы нікому не аддавалі рынак па вырабу і продажу пасцельнай бялізны. Працавалі і з арганізацыямі, і з насельніцтвам. Швачкі ў нас з высокай кваліфікацыяй. Але за мінулы год страцілі ў цэху 16 мільёнаў рублёў.
— А што па шынамантажу? Помню, як вы пачыналі. Вы былі па сутнасці манаполіяй у раёне. Зараз гэтым займаецца прыватнік, і даволі паспяхова…
— Няхай, канкурэнцыя патрэбна. У нас засталося добрае абсталяванне, можа, перацягнем цэх на цэнтральную сядзібу. Ну, і чакаем спецыялістаў. Стратнымі былі паслугі пральні. У Шуміліне прамысловая пральная машына, яна вельмі адчувальная да перападаў ціску вады. Выйшла са строю. Ды і спажывала яна шмат электраэнергіі.
— Але ж на раёне ў комплексных прыёмных пунктах ёсць бытавыя пральныя машыны. Што, і яны для вас нявыгадныя?
— А што вы думалі? Дабрабыт людзей паляпшаецца, многія купляюць свае пральныя машыны. Нашымі кліентамі застаюцца састарэлыя людзі і сацыяльныя работнікі, якія нясуць ад іх бялізну. Праўда, ёсць прыемнае выключэнне — Башнёўскі КПП, дзе за люты гэтага года прынялі 740 кілаграмаў бялізны і зарабілі 10 мільёнаў грошай. Але там парупіліся: паслугамі пральні ў Башнях карыстаюцца гімназія, школа, дзіцячы садок. Дарэчы, у гэтым аграгарадку мы першымі ў Беларусі ў 2005 годзе паставілі ў сельскае КПП бытавую пральную машыну.
— Віктар Паўлавіч, вы расказалі пра тое, з чым у вас атрымалася няўвязка. Раскажыце пра поспехі.
— Закончу ранейшую думку: страты склалі за мінулы год 97 мільёнаў рублёў. Але зарабілі па іншых накірунках работы 102 мільёны. Лепш папрацавалі па рамонце мэблі, па хімчыстцы, нават па паслугах фота і рамонце абутку — хаця па апошніх відах плён усё адно даволі сціплы. Вельмі пастараліся цырульніцы. З сельскіх цырульніц хочацца адзначыць Віялету Чаплінскую са Светласельскага. А ўвогуле палепшылі забеспячэнне цырульняў. Напрыклад, дастаём фарбу ажно 65 адценняў. Так што, дарагія жанчыны, — для вас на любы густ! Па-ранейшаму нядрэнны прыбытак маем ад рытуальных паслуг. Мяркуем развіваць гэты накірунак. Для гэтага хочам адкрыць тры рабочыя месцы ў Обалі.
— Дарэчы, пра Обаль. У вас там, наколькі мне вядома, па-ранейшаму вузкае месца…
— Не стану спрачацца. Там цяжка знайсці спецыялістаў. Тых жа цырульніц. Працавала нядаўна хвацкі майстар, перайшла ў заводскую цырульню: там лепшая зарплата.
— А што ў вас увогуле па зарплаце? Ці задавальняе яна людзей?
— Наўрад. І хаця мы ў вобласці па асноўных паказчыках займаем сёмае месца (з 19 падведамасных камбінатаў), год назад мы былі ў зводцы другімі. Сярэдні заработак у 2011 годзе ў нас склаў 800 тысяч у месяц. Мала, у сярэднім па вобласці сярод падобных КБА было 1 мільён 100 тысяч рублёў. Праўда, за студзень гэтага года мы ўзняліся да 1 мільёна 20 тысяч, але і гэта ў параўнанні з іншымі — вельмі сціпла. Будзем шукаць рэзервы. Можна падняць працэнт адлічэнняў ад аказанай паслугі, але тады наш камбінат не вытрымае, лопне. Значыць, выйсце адно: нарошчваць аб’ёмы. У ідэале хочацца так, як зарабляе наш трактарыст, які папаўняе касу штодня на 350 тысяч рублёў. Калі б кожны з 40 работнікаў, што непасрэдна аказваюць бытавыя паслугі, меў такі плён, мы зараблялі б за месяц 180 мільёнаў. Аднак за люты зарабілі ўсяго 74 мільёны. Будзем шукаць прыбытковыя віды паслуг.
— Пайшлі чуткі, што КБА далучаць да камунгаса…
— Лухта. Упэўнены, мы выжывем самі. Новы імпульс атрымае ў нас  выраб бетоннай агароджы. Ёсць заказы. І наогул будзем працаваць над тым, каб  нарошчваць аб’ёмы, а значыць, і паляпшаць дабрабыт сваіх работнікаў.
Інтэрв’ю ўзяў Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *