Торжества по случаю Дня матери прошли в пятницу в Шумилинском ГДК

Актуалии Общество

Галоўная пасада на свеце
Цёплым, светлым, напоўненым пяшчотай і любоўю, атрымалася свята “Нараджэнне маленькага цуда”, якое 14 кастрычніка ладзілася ў Доме культуры з нагоды Дня маці.
Быць маці, вырасціць добрых дзяцей — вялікае шчасце. Роля маці ў грамадстве — неацэнная і вельмі ганаровая. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, у Беларусі рэалізуецца цэлы шэраг сацыяльных праграм, накіраваных на падтрымку мацярынства, на дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Анатоль Мікалаевіч ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў павіншаваў усіх маці Шуміліншчыны са святам, асаблівыя словы павагі і ўдзячнасці выказаў мнагадзетным маці, жанчынам, якія ўзялі на сябе вялікі клопат па выхаванні дзяцей-сірот.
Кожны год у Дзень маці адной з лепшых жанчын-маці раёна ўручаецца прэмія імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай. Сёлета лаўрэатам прэміі стала Наталля Фёдараўна Сяргеева з Мішневіч, маці трох сыноў, перадавы аператар машыннага даення. Яе спецыяльна запрасілі на свята, каб уручыць заслужаную ўзнагароду.
Трэба сказаць, што ў гэты ж дзень яшчэ адна прадстаўніца нашага раёна, маці чацвярых дзяцей з аграгарадка Светласельскі, аператар машыннага даення “Шумілінскага райагарасервісу” Валянціна Сяргееўна Багданава па запрашэнні старшыні абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінца прысутнічала на ўрачыстым прыёме, дзе ёй была ўручана прэмія імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка.
Для ўсіх матуль шумілінскай зямлі работнікі культуры падрыхтавалі добрую канцэртную праграму, у якой хапіла і меладычнасці, і экспрэсіі, і гумару (чаго толькі варты вобраз бязмерна клапатлівай бабулі, якую ўдала сыграў Аляксей Цімафееў). А калыханка, якую спявала Ларыса Дземідовіч, проста запала ў душу.
Жанчына, маці — гэтыя паняцці асацыіруюцца з сямейнай цеплынёй, утульнасцю, парадкам. Гэта акалічнасць, відаць, і абумовіла запрасіць на свята лепшых гаспадароў Шуміліншчыны, пераможцаў раённага конкурсу “Мая зямля — мой родны дом”. Дыпломы і кветкі гаспадарам узорных падворкаў уручыў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №80 ад 18.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *