12 шумилинских парней получили повестки в армию

Актуалии Моладзь Навіны

А наперадзе вайсковая служба
23 красавіка дванаццаць шумілінскіх юнакоў атрымалі павесткі аб прызыве на тэрміновую ваенную службу.
Пад гукі духавога аркестра будучыя салдаты адправіліся ў гарадскі парк да брацкіх могілак, дзе прайшоў мітынг. Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць воінаў, якія загінулі, вызваляўшы Шуміліна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Да будучых салдат звярнуліся прадстаўнік раённай арганізацыі “Беларускага саюза афіцэраў” старшы лейтэнант Аляксей Грыгор’еў і член прэзідыума раённай арганізацыі ветэранаў  Таццяна Карніловіч, якія выказалі ўпэўненасць, што шумілінскія хлопцы авалодаюць неабходнымі навыкамі ваеннай справы,  будуць працягваць традыцыі сваіх бацькоў, дзедаў і прадзедаў, якія заўсёды годна абаранялі родную зямлю.
Іерэй Вадзім Яско звярнуўся да прызыўнікоў са словамі блаславення ў добрую дарогу.
У адміністрацыйным будынку  гісторыка-краязнаўчага музея, дзе працягвалася мерапрыемства “У служэнні верным Айчыне клянуся!”, перад прызыўнікамі выступіла намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава. Яна заклікала ўсіх помніць, якой цаной заваяваны мір, адзначыла, што спакой у Беларусі, у нашых сем’ях залежыць у першую чаргу ад мужчын, салдат, абаронцаў. Ірына Іванаўна пажадала юнакам служыць дастойна, спасцігаць азы ваеннай навукі, быць дысцыплінаванымі, упэўненымі ў сабе, мужнымі і смелымі, каб з ваенных часцей да бацькоў шумілінскіх салдат дасылалі падзячныя лісты.
Былы дэсантнік маёр у адстаўцы Мікалай Аляксеенка пажадаў прызыўнікам справядлівых камандзіраў, надзейных сяброў, добрай службы, выказаў упэўненасць, што некаторыя з маладых людзей застануцца на ваеннай службе па кантракце.
Начальнік адасобленай групы (Шумілінскага раёна) ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін уручыў прызыўнікам павесткі, а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая – невялікія падарункі, якія спатрэбяцца ім у час вайсковай службы.
Падтрымаць сваіх сыноў, якія адпраўляюцца на вайсковую службу, прыйшлі і бацькі. Маці прызыўніка Надзея Лабачова пажадала хлопцам дастойна ўліцца ў салдацкую сям’ю, не падводзіць таварышаў, годна несці службу і здаровымі вярнуцца дадому.
Работнікі культуры падрыхтавалі некалькі канцэртных нумароў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2019 г.