Хрыстос Уваскрэс, дарагія браты і сёстры! Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!

Духоўнае Новости

Хрыстос Уваскрэс, дарагія браты і сёстры!
Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!

Ад сэрца, напоўненага светлай радасцю пра Спасіцеля, які ўваскрэс ад гроба, усіх вас вітаю гэтымі жыццесцвярджальнымі словамі і віншую са святам святаў – Вялікаднём Гасподнім!
“Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць растаптаў і тым, што ў магілах жыццё дараваў”, – радасна спявае Царква ў гэтыя святочныя дні.
Сёння, успамінаючы Крыжовы подзвіг Спасіцеля і Яго дзіўнае Уваскрасенне, мы ўзносім хвалу і ўдзячнасць Госпаду за дараваную нам міласць і магчымасць называцца і быць дзецьмі Божымі.
Вялікдзень Хрыста – гэта праяўленне бязмежнай любові Стваральніка да роду чалавечага. Гэта трыумф перамогі Жыцця над смерцю, Раю на пеклам, Праведнасці над грэхам.
Усе мы з’яўляемся нашчадкамі і саўдзельнікамі гэтай вялікай і слаўнай перамогі, бо Вялікдзень настае для кожнага з нас. Але толькі той, хто прымае яе з верай і любоўю, неад’емна набывае вечнасць, сапраўдную радасць і духоўную свабоду ў Іісусе Хрыстосе.
Дай Божа, дарагія браты і сёстры, каб наша вера ва Уваскрасенне Хрыста з кожным годам умацоўвалася, каб велікодная радасць не толькі ў гэтыя светлыя дні, але і ў кожнае імгненне нашага жыцця напаўняла нашу душу, дапамагала не маркоціцца ў складаныя моманты і натхняла на подзвігі дзеля Хрыста.
Няхай радасць пра Спасіцеля, які перамог смерць, нязменна жыве ў нашых сэрцах. Будзем жа, натхняючыся гэтай радасцю, тварыць добрыя справы, пацвярджаючы на ўсіх шляхах жыцця нашага, што
САПРАЎДЫ УВАСКРЭС ХРЫСТОС!
З любоўю да Госпада благачынны цэркваў Шумілінскай акругі
протаіерэй Фёдар ПУЧЫНСКІ.
Пачатак святочнага Велікоднага Богаслужэння 27 красавіка:
Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы,
г. п. Шуміліна – у 23.00;
Храм Прападобнага Сергія Раданежскага,
в. Лескавічы – у 23.00;
Храм Прападобнага Ануфрыя Вялікага,
г. п. Обаль – у 22.00.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2019 г.