Заўсёды на сувязі

Новости Экономика

Заўсёды на сувязі
Сваё прафесійнае свята 7 мая адзначаюць работнікі сувязі, людзі, якія ідуць у нагу з часам, укараняюць новыя высокія тэхналогіі,  прадастаўляючы нам самую сучасную сувязь, самыя шырокія магчымасці высокахуткаснага Інтэрнэту, лічбавыя тэхналогіі паслуг інтэрактыўнага тэлебачання і г. д. І многія атрымаюць у гэты дзень шчырыя словы ўдзячнасці за прафесіяналізм, сумленныя адносіны да працы, вернасць і адданасць абранай прафесіі.
Аляксандр Быкоўскі.

Так, сёлета Ганаровую грамату Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” атрымае Аляксандр Аляксандравіч Быкоўскі, электраманцёр лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання Шумілінскага ўчастка электрасувязі. Па-дзяка дырэктара Віцебскага абласнога філіяла РУП “Белтэлекам” аб’яўлена Аляксею Мікалаевічу Зуйкову, інжынеру электрасувязі станцыйнай групы.

“Узнагароды і прызнанне невыпадковыя, – падкрэслівае начальнік участка Юрый Маскалькоў. – Гэтыя людзі даўно пацвердзілі прафпрыгоднасць, сваім стараннем і адносінамі да службовых абавязкаў заслужылі павагу кіраўніцтва, калег і кліентаў”.
Аляксандр Быкоўскі на ўчастку старажыл. У яго 37 год стажу на гэтым прадпрыемстве. Пачынаў трактарыстам, пасля доўгі час быў вадзіцелем, зараз вадзіцель-манцёр. Так сказаць, універсал. Кожны дзень за рулём з сумкай манцёра. Нягледзячы на немалады ўжо ўзрост, гатовы пастаянна вучыцца, авалодваць новымі тэхналогіямі. Зараз займаецца ліквідацыяй пашкоджанняў, рамонтам, абслугоўваннем, прафілактыкай і ўтрыманнем усіх лінейных збудаванняў.
Аляксей Зуйкоў.

Прафесіяналам сваёй справы на ўчастку лічыцца і Аляксей Зуйкоў, які прыйшоў сюды ў 1996 годзе пасля заканчэння Віцебскага тэхнікума сувязі. У яго за плячыма таксама немалы прафесійны шлях, як таго патрабавала жыццё: працаваў манцёрам-лінейшчыкам, пасля – манцёрам-станцыйшчыкам, электрамеханікам, інжынерам. Вопыт і час зрабілі сваю справу – Аляксей Мікалаевіч заслужыў рэпутацыю вельмі граматнага спецыяліста, разумнага і талковага, здольнага спраўляцца з самымі складанымі задачамі ў вельмі сур’ёзнай сеці перадачы дадзеных, на ўсіх аб’ектах сувязі і тэлефонных станцыях.

Сапраўды, работа сувязістаў патрабуе пастаяннага развіцця, бо галіна характарызуецца хуткім укараненнем новых тэхналогій, удасканаленнем паслуг. І як добра, што ў нас хапае людзей, гатовых быць на перадавой, як кажуць, быць заўсёды на сувязі з часам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2019 г.