8 команд боролись за победу на «Зарнице», которая прошла в Шумилино

Молодёжь Новости Общество

“Камета” – лепшая
У мінулы чацвер у Шуміліне на гарадскім стадыёне прайшла ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі.

За перамогу змагаліся восем каманд са школ раёна. Перад пачаткам мерапрыемства чатыры маладыя чалавекі з Кардона і Мікіціхі атрымалі членскія білеты ГА БРСМ, якія ўручыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах.
“Зарніца” – гульня, якая прайшла выпрабаванне часам, – адзначыла на ўрачыстым адкрыцці намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – Кожная “Зарніца” дорыць удзельнікам безліч станоўчых эмоцый. Упэўнена, што і сёлетняя гульня не будзе  выключэннем”.
Галоўны этап “Зарніцы” – ваенізаваная паласа, у склад якой уваходзілі лёгкаатлетычная эстафета, “мышалоўка”, перанос пацярпелага, “купіны” і лабірынт. Лепш і хутчэй за ўсіх з заданнямі справілася каманда Шумілінскай СШ №1, дапоўнілі прызавую тройку раённая гімназіі і Обальская школа.
Цікавымі атрымаліся спаборніцтвы “Да абароны Айчыны гатовы!”. Тым больш, што адзін з этапаў – разборка і зборка аўтамата – судзіў старшы лейтэнант 276-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання (аэрадрома) Аляксандр Каваленка. “Уражанні толькі станоўчыя, – адзначыў старшы лейтэнант. – Гульня добра арганізавана.  Вучням цікава і яны з задавальненнем удзельнічаюць.  Што тычыцца конкурсу “разборка і зборка аўтамата”, то лепшы час паказалі прадстаўнікі  СШ №1, Мікіціхінскай і Башнёўскай школ”.
І яшчэ адзін конкурс “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад” судзіў кадравы афіцэр – актывіст раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” маёр Мікалай Аляксеенка. Тут павінна быць добрая падрыхтоўка, дакладныя каманды і такое ж дакладнае і адначасовае выкананне загадаў камандзіра. Інакш максімальных балаў не атрымаеш.
Удзельнікі ваенна-патрыятычнай гульні  добра паказалі сябе  ў конкурсе баявых лісткоў “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца” і ў конкурсе інсцэніраванай песні “З агеньчыкам у душы і верай у перамогу”.
Сёлетнімі пераможцамі раённай ваена-патрыятычнай гульні “Зарніца” стала каманда  “Камета” з Шумілінскай СШ №1 (камандзір Арцемій Абраменка), другое месца ў “Патрыёта” з Обальскай СШ (Алег Гайдукоў), трэцяе – у “Штурма” з раённай гімназіі (Аліна Дзецкіна).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2019 г.