Надзейныя рэйкі і сітуацыя з наркаманіяй

Власть Новости

Надзейныя рэйкі і сітуацыя з наркаманіяй
Крыху больш месяца таму ў раёне закончыўся ацяпляльны сезон. Па словах старшыні райвыканкама Алега Быкава, у цэлым ён прайшоў зладжана, без надзвычайных сітуацый, было забяспечана ўстойлівае функцыянаванне сістэмы. Тым не менш, не ўсё было ідэальна, як хацелася б. У прыватнасці, былі праблемы з рамонтам камбінаваных катлоў у Обалі, ёсць пытанні па выкананні паказчыкаў страты цяпла і г. д. У сувязі з гэтым неабходна менавіта зараз зрабіць аналіз работы і паставіць канкрэтныя задачы па падрыхтоўцы аб’ектаў гаспадарання да чарговага асенне-зімовага ацяпляльнага сезона 2019/2020. Гэтае і іншыя актуальныя пытанні былі абмеркаваны на мінулым тыдні на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, куды былі запрошаны кіраўнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

З грунтоўным усебаковым аналізам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін. Праведзеныя арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы дазволілі своечасова пачаць ацяпляльны сезон і забяспечыць устойлівае і надзейнае забеспячэнне эканомікі і насельніцтва палівам і энергіяй. Пры падрыхтоўцы аб’ектаў УП ЖКГ быў выкананы вялікі аб’ём перадзімовых падрыхтоўчых работ, на якія было затрачана 1609 тысяч рублей. Заданне па мэтавым паказчыку энергазберажэння “мінус” 11,5% выканана і склала “мінус” 11,63%. За кошт укаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў атрымана эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў у памеры 478,7  тоны ўмоўнага паліва за 2018 год (для выканання задання па праграме неабходна было не менш 440 т у.п.), выкананы і іншыя паказчыкі.
На падставе аналізу вынікаў работы за прайшоўшы ацяпляльны перыяд на прадпрыемствах раёна распрацаваны і зацверджаны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па забеспячэнні ўстойлівай работы народнай гаспадаркі раёна на асенне-зімовы перыяд 2019/2020 года.
Дакладчык падрабязна агучыў усе асноўныя работы, якія неабходна будзе выканаць УП ЖКГ, аб’ёмы работ Шумілінскага філіяла Віцебскага абласнога  УП па забеспячэнні палівам “Віцебскаблпаліў”, Шумілінскага лясгаса, іншых суб’ектаў гаспадарання раёна.
З судакладамі па названым пытанні выступіў начальнік Шумілінскай энергагазінспекцыі Яўген Лебедзеў, які спыніўся на тэрмінах атрымання і рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці і праверцы ведаў адказных на прадпрыемствах асоб, дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў удакладніў этапы пераходу кацельняў на мясцовыя віды паліва і агучыў асноўныя віды работ, якімі камунальнікі ўжо пачалі займацца. Былі заслуханы справаздачы начальніка РЭС Дзмітрыя Муркова, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціны Навіцкай і начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціны Мяньковай.
Падсумоўваючы сказанае, кіраўнік раёна падкрэсліў, што па дадзеным важным пытанні ў раёне напрацавана сур’ёзная сістэма, вобразна кажучы, ёсць надзейныя і трывалыя рэйкі, па якіх важна цяпер усім разам своечасова і прадумана следаваць.
Аб прымаемых мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, гандлі людзьмі і карупцыйным праявам на тэрыторыі Шумілінскага раёна паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксей Іспянькоў.
У цэлым, па словах дакладчыка, усімі суб’ектамі прафілактыкі прымаюцца дзейсныя арганізацыйныя і практычныя меры па выкананні зацверджанага старшынёй райвыканкама раённага Комплекснага плана на 2019 год у рамках выканання Дэкрэта №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Прымаемыя меры дазволілі знізіць з 4 да 3 колькасць асоб, якія стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага з дыягназам “наркаманія”. Дынаміка зніжэння прасочваецца з 2016 года. Не дапушчана фактаў перадазіровак наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі. Разам са зніжэннем колькасці нарказалежных асоб назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці выяўленых нарказлачынстваў. Вялікая работа вядзецца па канфіскацыі з абароту наркатычных і псіхатропных рэчываў, па выяўленні асоб, якія знаходзяцца ў грамадскіх альбо на рабочых месцах ў стане, выкліканым ужываннем наркотыкаў. Аляксей Іспянькоў бачыць недапрацоўкі зацікаўленых службаў у слабай рэалізацыі праектаў па размяшчэнні сацыяльнай антынаркатычнай рэкламы ў грамадскіх месцах, напрыклад, на вакзалах.
Дакладчык паведаміў таксама, якая работа вядзецца ў сферы супрацьдзеяння карупцыі,  гандлю людзьмі, распаўсюджвання прастытуцыі і парнаграфіі.
Па абмеркаваных пытаннях з улікам дапрацовак і ўдакладненнняў прыняты пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2019 г.