Свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 6-7 ліпеня

Актуалии Культура Новости

Александрыя зноў збірае сяброў
Свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 6-7 ліпеня.

Галоўнай тэмай свята стане трохгоддзе малой радзімы. Ён збярэ на сваіх пляцоўках прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы.
Прадпрыемствы сістэмы спажыўкааперацыі падрыхтуюць шырокі асартымент харчовых тавараў. Для таго, каб госці і ўдзельнікі “Купалля” адчувалі сябе камфортна, будзе арганізавана не менш за 3 тысячы пасадачных месц у аб’ектах грамадскага харчавання. Даўжыня гандлёвай экспазіцыі складзе 1,2 км.
Пляцоўка “Творчасць маладых” стане месцам дэманстрацыі спартыўных, творчых, навукова-тэхнічных праграм і дасягненняў моладзі. Тут адбудзецца музычна-гульнявая праграма “Казка пра чароўную кветку”, канцэрты маладзёжных калектываў “Пакаленне NEXT” і бардаўскай песні, квесты. Запланавана работа выставы-кірмашу вырабаў устаноў адукацыі і сацыяльнай абароны Магілёўскай вобласці, паказ лепшых узораў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці.
Цікавай абяцае стаць пляцоўка з цыркавымі выступленнямі. Палёты самалётаў і парашутыстаў пакажа Магілёўскі аэраклуб ДТСААФ імя А. М. Кулагіна. Абласны цэнтр фізвыхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў арганізуе работу спартыўных пляцовак.
Мінскі трактарны завод прэзентуе сваю прадукцыю на пляцоўцы “Зроблена ў Беларусі”, а кампанія “Дамачай” – на “Каравайнай сялібе”. На ёй правядуць “Свята квасу” з прэзентацыяй брэндавага напою свята, распрацаванага па спецрэцэпту.
Падчас фестывалю будуць працаваць павільёны “Кніжны кірмаш” і “Друкарскі двор” з зонамі вырабу паперы і друку. Запланаваны прэзентацыі новых кніг і часопісаў.
На малой сцэне 6 ліпеня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і канцэрты, дзе выступяць творчыя калектывы рэгіёнаў Беларусі і іншых краін-удзельніц свята. У ноч з 6 на 7 ліпеня пройдзе маладзёжная дыскатэка.
Кульмінацыяй першага дня стане гала-канцэрт “Зроблена ў Беларусі” на галоўнай пляцоўцы і феерверк. 7 ліпеня творчыя пляцоўкі працягнуць работу, а на галоўнай сцэне адбудзецца цырымонія шанавання перадавікоў АПК вобласці, а затым выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і ансамбля “Сябры”. Білеты на канцэрты ўжо ў продажы (у касе Магілёўскай абласной філармоніі і на інтэрнэт-рэсурсе kvitki.by).
Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў складзены графікі руху цягнікоў рэгіянальных ліній і аўтамабільнага транспарту. Яны прывязаны да пачатку і заканчэння ўсіх мерапрыемстваў. Для гасцей свята, якія прыедуць на ўласных аўтамабілях, будуць уладкаваныя аўтастаянкі, у тым ліку стаянка для кемпераў.
Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае Александрыю і Копысь, Магілёўскую і Віцебскую вобласці. Чакаецца, што сёлета свята наведаюць не менш за 100 тысяч чалавек. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі аблвыканкам, Шклоўскі райвыканкам.
Па матэрыялах БелТА.