На заседании президиума Шумилинского райсовета обсудили вопросы подготовки мест массового отдыха к летнему сезону

Актуалии Безопасность Общество Президент

Падрыхтоўка пляжаў да купальнага сезона

На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое ў пачатку тыдня правяла старшыня раённага Савета Ірына Новікава, былі разгледжаны пытанні аб падрыхтоўцы месцаў масавага адпачынку да летняга сезона і прадухіленні гібелі людзей на вадзе, а таксама аб практыцы работы Каўлякоўскага сельскага Савета дэпутатаў па развіцці мясцовага самакіравання, грамадскай актыўнасці і ініцыятывы на падведамаснай тэрыторыі. У пасяджэнні браў удзел старшыня райвыканкама Алег Быкаў.

Наступае цёплы перыяд, і хутка адкрыецца купальны сезон. Наш раён багаты воднымі аб’ектамі – 75 азёр, 23 ракі. Для арганізаванага адпачынку выдзелены 4 месцы: на Шумілінскім возеры, азёрах Будавесць, Разван і Лескавічы, за гэтымі мясцінамі замацаваны адказныя арганізацыі. Трэба разгледзець, што зроблена для прывядзення месцаў адпачынку ў належны стан, што тэрмінова трэба зрабіць, каб завяршыць падрыхтоўку да пачатку сезона адпачынку, падкрэсліла Ірына Мікалаеўна.
Па першым пытанні выступіла намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава, якая расказала пра вынікі абследавання месцаў адпачынку, пра тое, што зрабілі замацаваныя за імі арганізацыі – УП ЖКГ (Шумілінскае), лясгас (Лескавічы), ДРБУ №204 і ПМК-70 (Разван), “Метан” (Будавесць). Найбольш падрыхтаваны пляж на возеры Будавесць у дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Дружба”. На іншых праведзена работа па навядзенні парадку, рамонце абсталявання, але неабходна ў кароткі тэрмін давесці ўсе работы да канца.
Галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева паведаміла, што аналізы вады ў месцах адпачынку трэба рабіць рэгулярна, РЦГЭ робіць гэта ў рамках кантролю за станам вады. Яна таксама вызначыла неабходнасць дадатковага размяшчэння сметніц у зонах адпачынку і іх рэгулярнай ачысткі з пачаткам сезона.
Кіраўнік раённай арганізацыі ратавання на водах Аляксандр Шарафутдзінаў паведаміў, што праведзена ачыстка дна вадаёмаў у зонах купання, на Шумілінскім возеры, як і ў мінулыя гады, будзе дзейнічаць выратавальны пост, арганізавана дзяжурства ратавальнікаў.
У ходзе абмеркавання былі разгледжаны канкрэтныя прапановы па давядзенні зон адпачынку да ладу, каб ужо 1 чэрвеня яны былі гатовы прыняць адпачываючых. Дарэчы, у ходзе размовы ўзнімалася пытанне барацьбы з вандалізмам і нізкай культурай асобных наведвальнікаў пляжаў, якія ломяць і паляць драўлянае абсталяванне, кідаюць у ваду бутэлькі і іншае смецце, пакідаюць пасля сябе горы смецця на беразе, хаця кантэйнеры для адходаў размешчаны побач літаральна ў некалькіх метрах. Як расказаў дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў, у мэтах барацьбы, у тым ліку і з вандалізмам, а таксама для павышэння бяспекі ў зоне адпачынку, на шумілінскім пляжы будзе ўсталявана відэаназіранне.
Ірына Новікава ўзняла і пытанне адпачынку ў буйных сельскіх населеных пунктах і г. п. Обаль. Былі выслуханы кіраўнікі сельвыканкамаў, якія расказалі пра месцы адпачынку, іх падрыхтоўку да летняга сезона: пад’езды да іх, абкошванне падыходаў і прыбярэжнай зоны, падсыпку пяску. Дарэчы, многія гэтыя месцы падтрымліваюць у парадку мясцовыя жыхары. “Неабходна дапамагчы ім, дзе патрэбна, прывезці пяску, абкасіць тэрыторыю, падсыпаць пад’езды”, – звярнулася Ірына Мікалаеўна да старшынь сельвыканкамаў і кіраўнікоў арганізацый, якія былі запрошаны на пасяджэнне прэзідыума.
У прынятай пастанове падрабязна распісаны тэрміны і віды работ, якія неабходна правесці ў кожнай зоне адпачынку, вызначаны адказныя асобы і арганізацыі.
Старшыня Каўлякоўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Дзятлава падрабязна расказала пра работу, якая вядзецца ў сельсавеце з насельніцтвам. Каўлякоўскі сельсавет асаблівы – у ім 41 населены пункт і ўсяго 600 чалавек насельніцтва. Таму мясцовыя дэпутаты, старэйшыны імкнуцца, каб ніводны чалавек не застаўся пакінутым сам-насам з праблемамі. На кантролі мясцовай улады заўжды пытанні гандлёвага, медыцынскага, паштовага абслугоўвання. Рэгулярна праводзяцца сустрэчы з жыхарамі вёсак, сходы, выязныя прыёмы, справаздачы дэпутатаў, выкарыстоўваюцца іншыя формы работы з людзьмі.
У прынятай пастанове вызначаны меры па актывізацыі работы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі Савета, па стварэнні новых працоўных месцаў і замацаванні маладых спецыялістаў. УП ЖКГ вызначаны меры па рамонце і добраўпарадкаванні грамадскіх калодзежаў, а таксама па кантролі якасці вады ў іх, па зборы і адвозцы смецця. А таксама іншыя меры, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці работы мясцовых органаў кіравання і самакіравання.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.