Во время летних каникул дорога требует особенной бдительности

Актуалии Безопасность Общество

Па “зебры” – значыць правільна
Ці правільна дзеці пераходзяць дарогу, ці захоўваюць Правілы дарожнага руху падлеткі-веласіпедысты – гэтыя і іншыя пытанні высвятляў падчас рэйду, які праводзіўся па дарогах райцэнтра  ў рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Увага – дзеці!”, інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Іван Шаўчэнка.
Разам з інспектарам мы аб’ехалі многія вуліцы райцэнтра. У другой палове дня было даволі ажыўлена на вуліцах Кароткіна, Ленінскай, Сіпко, 40 год Кастрычніка. Сярод пешаходаў былі як дарослыя, так і дзеці. На жаль, і тыя, і другія пераходзілі дарогу ва неўстаноўленых месцах. Спыняемся на вуліцы Сіпко, бачым некалькіх хлопчыкаў, якія накіраваліся перабегчы дарогу. Іх знаёмыя, якія крыху адсталі ад кампаніі, спыняюцца, убачыўшы інспектара ДПС, накіроўваюцца да “зебры”, якая знаходзіцца метраў праз дзесяць.
–  Чаму перабягаеце дарогу? – спытаў супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі ў хлопцаў.
–  Таму што машын няма, –  схіляюць вінаватыя галовы.
Іван Шаўчэнка расказаў хлопчыкам, як важна захоўваць Правілы дарожнага руху, бо ад гэтага залежыць самае галоўнае – жыццё і здароўе. Прывёў прыклады ДТЗ па вобласці з удзелам дзяцей. Так, сёлета у 12 дарожна-транспартных здарэннях 11 дзяцей паранена і адно дзіця загінула.
Такая ж прафілактычная гутарка была праведзена з дзецьмі, якія каталіся на веласіпедах па вуліцы 40 год Кастрычніка. Праўда, у школьнікаў веласіпеды былі з катафотамі, за што іх, а таксама іх бацькоў, пахваліў інспектар дарожна-патрульнай службы.
Падчас рэйду мы ўбачылі і шмат станоўчых фактаў. Напрыклад, па вуліцы Кароткіна дзяўчаты пераходзілі дарогу па зебры. “Мы вучымся ў сярэдняй школе №1 і ведаем Правілы дарожнага руху!” – адрапартавалі дзяўчаты. Што скажаш – малайцы!
Зараз супрацоўнікі ДАІ кожны дзень дзяжураць на пешаходных пераходах, праводзяць прафілактычныя гутаркі з дзецьмі, засцерагаюць ад парушэнняў Правілаў дарожнага руху і жадаюць бяспечнага лета.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2019 г.