«Прямая линия» председателя райисполкома

Актуалии Власть Общество

Спартзалу адрамантуюць, дапамогу дадуць бульбай
“Прамая лінія”, якую правёў на бягучым тыдні старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук, сабрала паўтара дзясятка зваротаў. Практычна тэлефон не змаўкаў на працягу адведзеных для тэлефоннай размовы дзвюх гадзін.
Аналізуючы зададзеныя пытанні, выказаныя просьбы і прапановы, адзначым, што ў цэлым размова насіла канструктыўны характар, людзі не патрабавалі нечага надзвычайнага і завоблачнага. У некаторых выпадках дастаткова было даць абгрунтаванае тлумачэнне, на месцах тады адпала б патрэба звяртацца да кіраўніка раёна. Як, напрыклад, па г. п. Обаль, адкуль званіла Л. І. Зімяніна. Жанчына незадаволена, што ў пасёлку няма гарачай вады, ідзе толькі цёплая, да таго ж, яна непакоіцца, што за падагрэтую ваду возьмуць, як за гарачую.
В. А. Падляшчук патлумачыў, што ў Обалі, як і па ўсёй краіне ў такіх жа пасёлках, няма тэхнічнай магчымасці ваду ў батарэі падаваць адной тэмпературы, а ў краны — іншай. І пакуль на вуліцы плюсавая тэмпература, вада будзе падавацца падагрэтай. Вядома, і плату камунгас павінен браць адпаведна.
З Обалі пазваніла і Н. П. Яршова. Незразумела ёй і іншым жыхарам шматпавярховага дома, не абсталяванага прыборам уліку цяпла, па якой схеме будуць браць за цяпло і чаму ў красавіку яшчэ робяць пераразлік.
Гэтае пытанне, як і папярэдняе, адзначае кіраўнік раёна, сведчыць пра тое, што камунальная служба недастаткова працуе з людзьмі. У сувязі з гэтым Вальдэмар Антонавіч даручыў УП ЖКГ сустрэцца з жыхарамі Обалі і даходліва, абгрунтавана даць тлумачэнні па ўзнятых і іншых цікавячых насельніцтва пытаннях.
Наогул умення працаваць з людзьмі падчас не хапае і іншым службам. Так, менавіта гэта стала падставай для званка К. В. Васілевіч з Бешанковіч. Яна скардзілася на нетактоўнасць работнікаў ДРБУ-204, да якіх яна звярталася па рамонце дарогі ад Бешанковіч да Крывога Сяла праз Полькавічы.
З Каўлякоўскага сельсавета звярнулася і Л. Л. Рубанава: вельмі дрэнная дарога да вёскі Сінякова. Да бацькі, дарэчы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, не даехаць.
Вельмі няпроста сёння ва ўмовах скарачэння фінансавання раённай дарожнай службе абслугоўваць 700 кіламетраў дарог, зазначыў В. А. Падляшчук, тым не менш, ён перакананы, што для ветэранаў трэба ўсё рабіць у першую чаргу і даў распараджэнне начальніку ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкіну паправіць дарогу да Сінякова.
Цёмны восеньскі час абумовіў званкі па вулічнаму асвятленню, а дакладней, па яго адсутнасці ці недастатковасці (Л. А. Матышава з аграгарадка Амбросавічы, Л. Г. Слышанкова з г. п. Обаль, таксама па гэтай жа праблеме па-званіла жанчына з вёскі Прыазёрнай, але прозвішча свайго не назвала).
Па кожным са зваротаў старшыня райвыканкама адразу ж перагаварыў са старшынямі сельвыканкамаў. Як высветлілася, вялікіх праблем па вулічным асвятленні няма, хіба дзе-нідзе лямпачкі трэба замяніць, таму ў бліжэйшы час гэтыя пытанні будуць па-праўлены.
Т. У. Скараход з вёскі Завяззе хвалюе, калі будзе адрамантавана спартыўная зала ў Язвінскай школе. Гэтае пытанне кіраўнік раёна трымае на кантролі, ён па-дзякаваў жанчыне за пытанне і запэўніў, што на бліжэйшым тыдні будзе завершаны рамонт у Лаўжанскай школе і работы пачнуцца ў Язвіне.
Па медыцынскаму абслугоўванню, а дакладней па рабоце стаматолага задала пытанне Н. В. Іванова з вёскі Жданоўка. В. А. Падляшчук паведаміў, што з наступнага тыдня зубны ўрач будзе прыязджаць па графіку ў Мішневіцкую амбулаторыю. Гэта пацвердзіў і галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў.
Старэйшына вёскі Шашы І. А. Зянькоў сёлета ўжо звяртаўся да старшыні райвыканкама, турбаваўся, каб пабудавалі аўтобусны прыпынак.
Фундамент ужо закладзены, паведаміў старэйшыне Вальдэмар Антонавіч, у хуткім часе прыпыначны пункт будзе завершаны, адпаведнае распараджэнне ён даў дырэктару ДРБУ-204.
Людзям, якія не атрымалі матэрыяльную дапамогу на гародніну, вядома ж, крыўдна. З такой вось крыўдай і звярнулася на “прамую лінію” А. А. Лях з аграгарадка Светласельскі. Жанчына разумее, што ў райаграсэрвісе няма наяўных грошай, таму яна выступіла з прапановай, каб гэтую дапамогу далі натурай.
На гэты зварот В. А. Падляшчук адказаў, што пытанне ўжо прапрацоўваецца, рыхтуецца распараджэнне старшыні райвыканкама, якім будзе рэкамендавана сельгаспрадпрыемствам выдаць матэрыяльную дапамогу прадукцыяй.
І зноў на “прамой лініі” пытанні камунальнага характару (Г. В. Калініна, І. М. Яўцягіна, В. У. Клепяшнёва, усе з райцэнтра — перакапана і пакінута неўпарадкаваная дваровая тэрыторыя, трэба замяніць стаяк, затоплены падвал каналізацыйнымі сцёкамі).
Па ўсіх гэтых пытаннях камунальнай службе дадзены адпаведныя распараджэнні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *