В Лесковичах прошел районный туристический слёт молодёжи

Актуалии Молодёжь Новости Спорт, туризм

Турзлёт – рамантыка маладосці
Два дні, 14 і 15 чэрвеня, у Лескавічах пад гукі гітары і дым кастра кіпелі нежартоўныя спартыўныя і турысцкія страсці. Тут праходзіў традыцыйны раённы турысцкі злёт моладзі, які сёлета быў прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У  фэсце бралі ўдзел каманды ПМК-70, ОКЗ, аддзела па адукацыі райвыканкама, ЦРБ,  лясгаса , “ЭнергаФАЦ” (зборная каманда Раёна электрычных сетак і Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра).

Пераможцы турзлёту – каманда цэнтральнай раённай бальніцы.

Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства пажадала удзельнікам добрага настрою і яркіх выступленняў. Дарэчы, каманды добра падрыхтаваліся да турзлёту: усе на адкрыцці былі ў форме, а турысты з ПМК-70 і аддзела па адукацыі райвыканкама прэзентавалі новыя спартыўныя касцюмы. Кожная каманда разбіла палатачны лагер, з густам абсталявала яго, праявіўшы багата энтузіязму і творчасці.
Турзлёт выдаўся  насычаным і актыўным. Турысты толькі і паспявалі паказваць свае навыкі то ў адным конкурсе, то ў другім. Як гаворыцца, ні хвілінкі перадыху.
На дыстанцыі каманда Шумілінскай ПМК-70.
Спартыўная частка турзлёту складалася з міні-футболу, валейболу і перацягвання каната. Некаторыя  каманды зрабілі стаўку менавіта на гэтыя віды конкурснай праграмы. У выніку ў валейболе перамагла каманда ПМК-70,  у футболе – “ЭнергаФАЦ”,  у перацягванні каната – “Лясгас”.
Турысцкая частка турзлёту ўключала тры віды – трыятлон, тэхніка веласіпеднага турызму і кантрольна-турысцкі маршрут.
Добрыя фізічныя навыкі неабходны былі турыстам падчас праходжання трыятлону, бо ўдзельнікі павінны былі добра і прабегчы, і праплыць, і праехаць на веласіпедзе. Лепшы вынік паказалі спартсмены з ЦРБ,  якія апярэдзілі  стаўшых другімі і трэцімі ОКЗ і аддзел па адукацыі райвыканкама. У тэхніцы веласіпеднага турызму перамаглі настаўнікі, другімі сталі медыкі, трэцімі – будаўнікі.
Асноўны від на любым турзлёце – кантрольна-турысцкі маршрут. Тры кіламетры дыстанцыі са спецыяльнымі прыпынкамі для выканання заданняў. Плюс да ўсяго неабходна не заблукаць у лесе і правільна прыбегчы на пікеты. А калі дадаць спякотнае надвор’е, то і атрымліваецца выпрабаванне, якое можа пераадолець толькі сапраўдны турыст. Лепшы час паказала каманда з ПМК-70, турысты з ЦРБ сталі другімі, з лясгаса – трэцімі.
Старт забаўляльнай частцы турзлёту дала жартоўная эстафета. Трэба было бачыць, як дарослыя людзі пераадольвалі імправізаванае павуцінне, кідалі боты, тушылі запаленую свечку. Лепш за ўсіх з заданнямі справіліся прадстаўнікі лясгаса.
У конкурсах мастацкай самадзейнасці, баявых лісткоў і ў кулінарным спаборніцтве перамаглі медыкі. Самай эрудзіраванай аказалася каманда ОКЗ, якая выйграла краязнаўчую віктарыну.
Па выніках сёлетняга турзлёту першае месца заваявала каманда “ЦРБ”, другое – “ПМК-70”, трэцяе – “Аддзел па адукацыі райвыканкама”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2019 г.