Выпускникам предлагают взять направления для поступления в сельскохозяйственные ВУЗы, колледжи и лицеи

Молодёжь Новости Образование

З накіраваннем паступіць лягчэй

Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама напрыканцы навучальнага года пабывалі ў многіх школах раёна, каб расказаць выпускнікам пра сельскагаспадарчыя ВНУ, каледжы і ліцэі.

На сённяшні дзень у нашым раёне не хапае аграномаў, заатэхнікаў, аператараў машыннага даення, электрагазазваршчыкаў, механізатараў, тэхнікаў-асемянатараў, бухгалтараў, інжынераў і спецыялістаў іншых сельскагаспадарчых прафесій.
“Выпускнікам раёна можна паспрабаваць свае сілы ў ВНУ – Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (спецыяльнасці “ветэрынарная медыцына” і “заатэхнія”), Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце (тут вучаць на інжынераў, прычым, можна атрымаць і шэраг дадатковых рабочых прафесій), Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (спецыяльнасці “аграномія”, “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці”, “эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК”, “бухгалтарскі ўлік”, “эканоміка і кіраванне на прадпрыемствах АПК”), – расказала спецыяліст райсельгасхарчу Таццяна Пясецкая. –  Больш таго, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце ёсць магчымасць здаць яшчэ і ўнутраныя экзамены па патрэбных прадметах, і лепшы вынік (па экзаменах ці ЦТ) прадставіць у прыёмную камісію”.
Выпускнікі маюць магчымасць узяць накіраванне і для паступлення ў каледжы: Аршанскі аграрны каледж (аграномія, тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў), Полацкі эканамічны каледж (бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; правазнаўства), аграрны каледж Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (тут вучаць на ветурачоў, аграномаў, заатэхнікаў).
Каб дакладна паступіць у сельскагаспадарчыя ўстановы, выпускнікам школ прапануюць узяць накіраванне ад упраўлення райсельгасхарчу ці любога сельгаспрадпрыемства. “Што гэта дае? Па-першае, льготы – з такім дагаворам дастаткова набраць мінімальны прахадны бал на цэнтралізаваным тэсціраванні, і ты паступіў, – кажа Таццяна Пясецкая. –  Па-другое, у абавязковым парадку прадастаўляецца інтэрнат. Па-трэцяе, прадугледжана дадатковая даплата да стыпендыі па мэтавым дагаворы (ад 3 да 10 БВ). І, нарэшце, прадастаўляецца першае рабочае месца”.
Маладыя спецыялісты, якія вучацца па накіраванні і прыязджаюць на работу ў сельгасарганізацыі, першыя два гады штомесячна атрымліваюць даплаты да асноўнага заробку ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, а калі застаюцца працаваць і надалей – трохкратны памер тарыфнай стаўкі першага разраду (на працягу трох гадоў). Маладыя спецыялісты забяспечваюцца жыллём, а на працягу першых двух гадоў работы ім аплачваюцца расходы па пражыванні, прадастаўляецца 5 каляндарных дзён заахвочвальнага водпуску. Больш таго, моладзі аказваецца матэрыяльная дапамога на абзавядзенне гаспадаркай не менш за 20 БВ або 2 і больш  памеры акладу.
Больш падрабязную інфармацыю пра паступленне па накіраваннях можна атрымаць па тэлефонах: 4-18-51, 4-10-05, (8-029) 218-76-59.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 21. 06.2019 г.