Объединённый кормоотряд сейчас работает в «Мишневичах»

Новости Экономика

Працуе аб’яднаны кормаатрад
Аляксандр Антонаў і Канстанцін Андрэеў.
Пазаўчора сіроцінскіх механізатараў Сяргея і Аляксандра Антонавых сустрэлі на мішневіцкіх палетках. Аляксандр працаваў на кормаўборачным камбайне, а Сяргей на адвозцы. “Мы тут часова, неўзабаве паедзем дадому, прычым прыхопім з сабой і механізатараў з Мішневіч, – расказалі мужчыны. – Вось такі сёлета новы падыход да касавіцы, і ён нам падабаецца”.
У гэтым годзе кіраўнікі суседніх гаспадарак КУСГП “Сіроцінскі” і “Мішневічы” вырашылі падчас уборкі траў аб’яднацца і стварыць адзіны кормаатрад. “Пайшлі на такія меры ў сувязі з вытворчай неабходнасцю, – кажа дырэктар “Мішневіч” Міхаіл Цікавенка. – Тэхніка далёка не новая, кормаўборачныя камбайны часта псуюцца, тэхнікі на адвозцы таксама не хапае. А па тэхналогіі сянажную траншэю, якая змяшчае тысячу тон, трэба закласці за тры дні. Вось мы і вырашылі, што талакой будзе шпарчэй і эфектыўней працаваць. Закладзём сянажную траншэю ў Заобалі, і кормаатрад накіруецца ў “Сіроцінскі”. Каб нікому не было крыўдна, будзем чаргаваць па адной траншэі ў кожнай гаспадарцы. Адно скажу: талакой за дзень мы нарыхтоўваем каля 300 тон, а адны толькі палову гэтага”.
Падчас нашага прыезду ва ўрочышчы Андрэеўка з касілкамі працавалі мясцовыя механізатары Віктар Пятроў і Васіль Сямёнаў. Яшчэ на адзін трактар выручыў райбыткамбінат – яго механізатар Юрый Папалаў добра спраўляецца з тэхнікай. На дапамогу прыйшлі і шэфы з камунгасу і ДРБУ-204, якія прадаставілі ў Мішневічы свае касілкі і механізатараў. Кіраўніцтва КУСГП “Мішневічы” хваліць за добрую работу  Аляксандра Новіка, які працуе на КВК, а таксама механізатараў на адвозцы Канстанціна Андрэева, Мікалая Паўлава, Арцёма Конышава. Добрае слова сказалі і пра механізатараў са Слабады  – як сцвярджае дырэктар КУСП “Сіроцінскі” Мікалай Прыгодзіч, для аб’яднанага кормаатрада ён выдзяляў лепшых.
Ва ўрочышчы Рупежнік мы сустракаем Аляксандра Антонава са Слабады, які здрабняе траву, і Канстанціна Андрэева з Мішневіч, які адвозіць зялёную масу да сянажнай траншэі. Работа ідзе зладжана і роўна, быццам бы разам працавалі ўсё жыццё. Азмрочвае толькі, што трава на полі вырасла не вельмі густая, з такой не перавыканаеш план па нарыхтоўцы. “Затое канюшына, якой у нас расце каля трохсот гектараў, парадавала, – кажа М. Цікавенка. – Больш таго, сёлета засеялі 225 га  кукурузы, ёсць мінеральныя ўгнаенні, каб яе падкарміць. Так што будзем з кармамі: плануем нарыхтаваць каля пяці тысяч тон сенажу і столькі ж сіласу. Кожны год вясной прадаём кармы, думаю, не будзе выключэннем і наступны”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 21. 06.2019 г.