Крылы музычных радкоў Анатоля Міхеева

Культура Новости

Крылы музычных радкоў Анатоля Міхеева
Добры музыкант, таленавіты паэт і кампазітар, аўтар выдатных вершаў, спявак, творчы чалавек, адданы сябра і душэўны чалавек – гэтыя радкі пра Анатоля Васільевіча Міхеева. У гонар 70-гадовага юбілею Анатоля Васільевіча ў раённай бібліятэцы прайшоў творчы вечар.

– Поўная зала гледачоў-сяброў, якія ў гэты дзень адклалі ўсе свае справы і прыйшлі падтрымаць і па-віншаваць юбіляра – гэта лепшае прызнанне яго творчасці, яго вершаў і песень, адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая, якая ўручыла грамату юбіляру. – Усё жыццё Анатоль Міхееў прысвяціў культурнай ніве, і яго дзеці Алена і Канстанцін прадоўжылі бацькаву справу.
Творчы шлях Анатоля Васільевіча доўгі і плённы. Яшчэ ў 70-ыя гады ён быў адным з арганізатараў вакальна-інструментальнага ансамбля “Шанс”, у рэпертуары якога былі і ягоныя песні, якія і праз гады застаюцца ў рэпертуары калектыву.
– У 1994 годзе Анатоль Міхееў узяў у рукі скрыпку, каб дапамагчы фальклорнаму калектыву “Гульбічы”. У тым, што вось ужо на працягу 25 гадоў калектыў радуе нас сваёй творчасцю, пакараючы рэгіянальнымі асаб-лівасцямі, традыцыямі, фальклорам не толькі беларускага, але і замежнага гледача, вялікая заслуга акампаніятара Анатоля Міхеева, – заўважыла кіраўнік “Гульбічаў” Ларыса Цыркунова. – Заўсёды настойлівы, ён не дае калектыву расслабіцца, дабіваецца выдатных выступленняў і перамог. Фальклорныя песні, дзякуючы арыгінальнай аранжыроўцы Анатоля Міхеева, вельмі падабаюцца гледачам.
“Я таксама ваша вучаніца, і гэтым ганаруся, – адзначыла дырэктар раённага цэнтра культуры Марына Прохарава. – Дзякуй вам за тое, што любоў да музыкі акрыляе і дапамагае жыць”. Дарэчы, менавіта раённы цэнтр культуры падрыхтаваў юбілейны вечар.
Спявачка Валянціна Грачанік з абласнога цэнтра, дзякуючы якой песні Анатоля Васільевіча сталі вядомыя не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, шчыра дзякавала яму за песню “Не цурайцеся мовы сваёй”. За яе на міжнародным конкурсе аўтарскай песні Валянціна Грачанік атрымала дыплом трэцяй ступені.
Цёплыя словы ў адрас Анатоля Міхеева гучалі ад удзельнікаў народнай музычна-літаратурнай гасцёўні, ад сяброў, вучняў Анатоля Міхеева, выкладчыкаў школы мастацтваў. Спявалі песні Анатоля Васільевіча. Юбілейны творчы вечар атрымаўся шчырым, цёплым, багатым на добрыя словы, віншаванні і падарункі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2019 г.