Уся вобласць – у госці да нас

Президент

У мінулую пятніцу ў нашым раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў.
Як адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, адкрываючы мерапрыемства, Шумілінскі раён не выпадкова абраны для першага пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання. Кожнае пасяджэнне прэзідыума — гэта школа, гэта магчымасць павучыцца, нешта ўзяць на ўзбраенне для сваёй далейшай работы. А ў Шумілінскім раёне, перакананы Аляксандр Ягоравіч, ёсць чаму вучыцца. Найперш — канструктыўнаму ўзаемадзеянню прадстаўнічай і заканадаўчай ўлад у вырашэнні жыццёвых пытанняў насельніцтва.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук вітаў гасцей на шумілінскай зямлі. Вальдэмар Антонавіч з гонарам расказаў аб славутай гісторыі нашага краю, аб яго прыродных багаццях, знакамітых земляках, аб сённяшнім дні раёна.
Аб практычнай рабоце Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў базавага і пярвічнага ўзроўняў Шумілінскага раёна па павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Даклад старшыні раённага Савета дэпутатаў дапоўнілі начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка і дырэктар УП ЖКГ В. А. Коўзан. Яны расказалі аб практычнай рабоце органаў улады базавага і пярвічнага ўзроўняў па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Беларусі № 21 у частцы фарміравання і выкарыстоў-вання бюджэтаў пярвічнага ўзроўню і ў частцы водазабеспячэння сельскага насельніцтва і ўтрымання вуліц сельскіх населеных пунктаў.
Пасля пленарнага пасяджэння госці накіраваліся ў Мікіціху. Найперш за-віталі ў мясцовы сельскі Савет, дзе іх сустрэла старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко. Святлана Паўлаўна расказала пра ўмовы работы, пра некаторыя аспекты і напрацоўкі ў рэалізацыі Указаў Прэзідэнта Беларусі № 21 і № 70.
У Мікіцісе ў самым цэнтры зручна размешчаны ўсе прадпрыемствы і ўстановы для абслугоўвання людзей. Гасцінна адчынілі дзверы  перад шаноўнай дэлегацыяй аддзяленне паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пункт, магазіны, лячэбная амбулаторыя, дзіцячы сад. Госці адзначалі вельмі высокі ўзровень устаноў аграгарадка. Асабліва ўразіў іх Дом культуры, дабудаваны дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла. Велічны гмах, прыгожы інтэр’ер, багатая бібліятэка, а на светлай прасторнай сцэне — “Гульбічы” з тэатралізаваным беларускім вяселлем.
А кульмінацыйным момантам мерапрыемства стала адкрыццё будынка Обальскага сельскага Савета. Орган мясцовай улады пераехаў у былую кантору торфапрадпрыемства імя Даўмана. Літаральна за паўгода прыземістае збудаванне набыло новы сучасны прыгожы воблік.
Адкрыццё — гэта прыемны момант. І чырвоную стужку з задавальненнем пераразаюць старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Але быць у Обалі і не завітаць у музей камсамольскага падполля было б непавагай да славутай гісторыі абальчан. Таму перад ад’ездам уся дэлегацыя наведала музей, дзе нястомная патрыётка і наследніца гераічнага прозвішча Н. А. Азоліна правяла экскурсію ў ваеннае мінулае юных герояў Обальшчыны.
“Адноўленыя экспазіцыі і залы музея — гэта вялікі ўклад у выхаванне моладзі ў духу патрыятызму і любві да Радзімы, неацэнная спадчына для многіх будучых пакаленняў” — такі запіс у кнізе водгукаў пакінуў А. Я. Ацясаў.
Госці раз’ехаліся па ўсёй Віцебскай вобласці. Але, думаецца, у іх застанецца добрае ўражанне ад Шуміліншчыны, ад людзей, якія жывуць на нашай зямлі, шануюць памяць продкаў і імкнуцца зрабіць свой край прыгажэйшым і больш заможным.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Аляксандра Шэдзько.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *