Ещё одно имя земляка, погибшего на войне, появилось на памятнике в Амбросовичах

Актуалии Общество

На здымку ён такі малады
Яшчэ ў 1974 годзе  па ініцыятыве работнікаў калгаса “Праўда” ў Амбросавічах  быў адкрыты помнік загінуўшым воінам-землякам. Практычна кожны год у спіс патрыётаў дабаўляюцца ўсё новыя імёны. Вось і на мінулым тыдні на мемарыяльнай пліце з’явілася яшчэ адно прозвішча.
Жадаючых ехаць у Амбросавічы, каб увекавечыць памяць свайго земляка Івана Іванавіча Кібісава, знайшлося нямала: і прыхаджане царквы, і хор “Благавест”, і проста неабыякавыя людзі. Да грамадзянскай паніхіды далучыліся і вяскоўцы з Амбросавіч, вучні і настаўнікі мясцовай школы. Прыехала з Гарадка і пляменніца І. І. Кібісава – Наталля Уладзіміраўна Кулакевіч.
Менавіта яна працягнула справу маці Івана Іванавіча – Агаф’і Трыфанаўны, якая некалькі гадоў шукала свайго сына. Так і не паспела знайсці. Гэта зрабіла Наталля Уладзіміраўна. І ёй дапамагалі спецыялісты Гарадоцкага і Шумілінскага райвыканкамаў, дырэктар праваслаўнага духоўнага цэнтра В. А. Ільін.
“Мы сабралі шмат матэрыялу пра нашага земляка, – расказаў усім прысутным Вячаслаў Аляксандравіч. – Іван Кібісаў нарадзіўся ў вёсцы Непароты. Адразу пасля тэрміновай службы ў арміі быў прызваны на фронт. Трапіў у крывавы кацёл пад Вязьмай, дзе 10 кастрычніка 1941 года быў узяты у палон”.
Пасля гэтага звесткі пра земляка абрываюцца. Спатрэбілася паслаць у Германію не адзін запыт, каб нарэшце даведацца пра далейшы лёс І. І. Кібісава. Аказваецца, Іван Іванавіч пабываў не ў адным канцлагеры. І апошняе ягонае прыстанішча – горад Везуве. З архіваў Германіі прыслалі карты, схемы, фотаздымкі. У асунутым знямоглым чалавеку яго цяжка было пазнаць. У снежні 1944 года Іван Кібісаў памёр, пахаваны ён у Германіі.
А на даваенным пажоўклым здымку, які прывезла з сабой з Гарадка Наталля Уладзіміраўна, яе дзядзя такі малады, такі прыгожы. Ён паспеў пражыць нямнога, не паспеў ажаніцца і завесці дзяцей, але ён быў сапраўдным чалавекам, воінам, які абараняў сваю Радзіму.
Перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Людміла Васільеўна Шаўцова. “У нашым раёне пахавана 10267 чалавек, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, – расказала Людміла Васільеўна. – Прычым, прозвішчы 2217 з іх невядомыя. Але ж мы пастаянна вядзём пошукі і вынікі ёсць: за пяць апошніх гадоў аднавілі 341 прозвішча салдат і партызан.”
Кветкі і гірлянда, зробленая рукамі школьнікаў, словы пашаны і хвіліна маўчання – у гонар нашага земляка. Айцец Фёдар, благачынны Шумілінскай акругі Віцебскай епархіі правёў паніхіду.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *