На пасяджэнні Шумілінскага райвыканкама: умовы для адораных дзяцей і пытанні дэмаграфічнай бяспекі

Актуалии Президент

Умовы для адораных дзяцей і пытанні дэмаграфічнай бяспекі
Адкрываючы чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло 28 чэрвеня, кіраўнік раёна Алег Быкаў прадставіў новага члена райвыканкама – дырэктара УП “Шумілінская ПМК-70”  Аляксея Крыўко, адзначыўшы, што кандыдатура ўзгоднена са старшынёй аблвыканкама. У цэнтры ўвагі выканаўчага органа раённай улады былі  асобныя напрамкі дзейнасці ўстаноў адукацыі і аховы здароўя.
“У век інфармацыйных тэхналогій, камп’ютарызацыі, развіцця сістэм сувязі бязмежна ўзрастае роля адукацыі: яе якасць, даступнасць для ўсіх незалежна ад месца пражывання і сацыяльнага становішча. Сучасная эканоміка абапіраецца на веды і інавацыйныя тэхналогіі. Без развіцця і ўдасканалення сістэмы адукацыі немагчыма далейшае развіццё краіны і рэгіёна. Неабходна забяспечыць пераемнасць і непарыўнасць адукацыі на ўсіх ступенях: ад дзіцячага сада да ўніверсітэта. Менавіта на гэта накіравана рэформа сістэмы адукацыі ў нашай краіне. У раёне выконваюцца дзяржаўныя стандарты ў адукацыі. Сёння на абмеркаванне вынесена пытанне аб стварэнні ва ўстановах адукацыі раёна ўмоў для развіцця здольных дзяцей”, – адзначыў Алег Быкаў. Прычым, гэта павінны быць умовы і для дзяцей, і для педагогаў, як і матывацыя да працы павінна быць у абодвух бакоў, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Аналіз работы па стварэнні ўмоў для работы са здольнымі дзецьмі, а таксама аб выніках гэтай работы прадставіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова. У раёне завершана ў цэлым аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, працуюць 13 устаноў дашкольнай адукацыі і 11 – агульнай сярэдняй адукацыі. Навучальны працэс забяспечваюць 420 педагогаў, з якіх 80% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Дзейнічаюць дагаворы з ВНУ аб рабоце са здольнымі вучнямі. Ёсць поспехі ў рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе на раённым і абласным узроўнях.  Шмат робіцца па ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі.
Алег Быкаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава ў ходзе абмеркавання ставілі слушныя пытанні: пра эфектыўнасць выкарыстання абсталявання, пра адсутнасць дынамікі ў алімпіядным руху – няма поспехаў на рэспубліканскім узроўні, досыць сціплыя яны і на абласным этапе, дасягненні паказваюць вучні адных і тых жа педагогаў, адных і тых жа ўстаноў адукацыі. Поспехі буйнейшай школы раёна – Шумілінскай СШ №1 –  не адпавядаюць узроўню ўстановы. Гэтыя факты сведчаць аб адсутнасці сістэмы работы як са здольнымі дзецьмі, так і з педагогамі. З улікам выказаных заўваг прапанавана дапрацаваць праект рашэння, якое стане кіруючым дакументам у рабоце аддзела і ўстаноў адукацыі раёна.
Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Канстанцін Баканаў, які выступаў па другім пытанні, закрануў выкананне дзвюх падпраграм Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады – прафілактыка неінфекцыйных хвароб і папярэджанне п’янства і алкагалізму.
Нягледзячы на тое, што паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці ў раёне лепшыя, чым сярэднеабласныя, у цэлым насельніцтва раёна скарачаецца, адзначыў Канстанцін Фёдаравіч. Сярод прычын смерці лідзіруюць хваробы сістэмы кровазвароту – 46%, далей ідуць старасць (17%), анкалагічныя нервовыя і псіхічныя захворванні (па 14%), знешнія прычыны (9%). Фактарамі, якія спрыяюць развіццю гэтых хвароб, з’яўляюцца курэнне, алкагалізм, лішняя вага, няправільнае харчаванне і іншыя.
Сучаснае лабараторнае і дыягнастычнае абсталяванне павысіла выяўленне неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях, а значыць і эфектыўнасць іх лячэння. Але некаторыя фактары маюць сацыяльнае значэнне і іх прафілактыка – агульная справа ўсіх бакоў, адзначыў дакладчык.
Актуальнай застаецца папярэджанне і барацьба з п’янствам і алкагалізмам. Менавіта п’янства з’яўляецца адной з прычын павелічэння неінфекцыйных хвароб, а таксама смяротнасці. На ўліку ў нарколага стаіць 643 чалавекі. Павялічылася колькасць асоб, якія накіроўваюцца ў ЛПП. Цяпер існуюць эфектыўныя спосабы лячэння, але асноўная ўмова – жаданне пацыента. Справіцца з праблемай можна толькі ўсім грамадствам, лічыць Канстанцін Баканаў.
Памочнік пракурора Ганна Палінова, якая выступіла з садакладам, адзначыла, што п’янства і алкагалізм – адзін з фактараў здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў. Амаль палова ўсіх правапарушэнняў робіцца ў нецвярозым стане. Пэўная работа па прафілактыцы п’янства вядзецца, але стрымліваецца высокім узроўнем спажывання алкагольных напіткаў.
Прапановы, выказаныя ў ходзе абмеркавання, дапоўнілі праект рашэння па гэтым пытанні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.