Митинг, шествие, концерт и фейерверк. Шумилинцы чествовали главный день своей страны

Актуалии Беларусь помніць Новости

З пачуццем радасці і бязмежнай удзячнасці
Сёння наш народ кланяецца вялікай даце – 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сапраўды, прайшло 75 год, практычна цэлае чалавечае жыццё, з таго часу, як з нашай зямлі быў выгнаны страшэнны люты звер, імя якому фашызм. 75 год мы жывем спакойна, ціха і мірна, без стрэлаў, голаду, жаху. Без войнаў.
Сумна і крыўдна, што практычна не засталося з намі сведкаў ваеннага ліхалецця, аднак час непадуладны аддаць усё забыццю. Ёсць яе вялікасць ПАМЯЦЬ, якой няма канца і якая выконвае самую галоўную місію – робіць усё вакол бессмяротным, а  значыць вечным. А значыць, славе і гераічнаму подзвігу савецкіх воінаў і савецкага народа жыць у вяках.
Аддаць даніну павагі воінам, схіліць галовы ў знак удзячнасці загінуўшым героям і хвілінай маўчання ўшанаваць іх памяць мы лічым святым абавязкам, таму кожнае 3 ліпеня ўрачыстасці пачынаюцца менавіта на воінскіх могілках. На тэатралізаваны мітынг з цэнтральнай плошчы вялікай калонай накіроўваюцца кіраўніцтва раёна, госці, прадстаўнікі працоўных калектываў, арганізацый, навучальных устаноў, сілавых структур, моладзь.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што Дзень Незалежнасці звяртае ўсіх нас да гістарычнага шляху і духоўнай спадчыны, якія трэба ведаць і берагчы. У гэты дзень мы ўспамінаем тых, хто, ахвяруючы самім дарагім – сваім жыццём, вызваліў Беларусь ад акупантаў, падарыў мір і свабоду будучым пакаленням. Дарагой цаной даліся перамога і незалежнасць.
За мужнасць і гераізм на франтах Вялікай Айчыннай ураджэнцы нашага раёна – Пётр Акуцыёнак, Дзмітрый Мінчугоў, Мікалай Спірыдзенка і Мікалай Ласкуноў – удастоены высокага звання Герой Савецкага Саюза. На Шуміліншчыне загінуў кожны трэці жыхар.
Былы вязень Марыя Кавалёва не па чутках ведае, што такое голад, холад, смерць, страх, і папрасіла маладое пакаленне жыць у міры і згодзе, шанаваць памяць пра загінуўшых і ўсіх тых, хто заваяваў свабоду і незалежнасць.
Пра святы абавязак нашчадкаў памятаць гаварыла і намеснік дырэктара Шумілінскай СШ №1 Святлана Емяльянава. І сапраўды, ніхто не зможа аспрэчыць той факт, што калі б наш народ не перамог у той бязлітаснай жудаснай і кровапралітнай вайне, наўрад ці была б дзяржава  і былі б незалежнасць і суверэнітэт.
Мы павіны памятаць пра гэта, свята берагчы тое, што нам пакінулі ў спадчыну нашы дзяды і прадзеды. Як самую вялікую каштоўнасць.  Берагчы і памнажаць – сваёй няспыннай штодзённай працай,  сваімі добрымі справамі і ўчынкамі на карысць працвітання сваёй сям’і, роднага раёна, краіны. Усе выступаючыя адрасавалі землякам і гасцям шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці Беларусі.
Традыцыйна шыкоўным, змястоўным і ўражваючым атрымалася шэсце-прадстаўленне на цэнтральнай плошчы, у якім змясціўся цэлы летапіс вайны, з яго гераічнымі і трагічнымі старонкамі, са слязамі радасці і смутку. Шумілінцы разам з героямі перажылі непадкупныя эмоцыі ад убачанага. А ўявіце, наколькі ўразаецца ў памяць убачанае гасцям! Так, 76-гадовы Аляксандр Саулін, які прыехаў з Саранска (Мардовія) ў Дворышча на магілу бацькі Фёдара Сауліна, загінуўшага за вызваленне Шуміліншчыны, і пасля прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прызнаўся, што да канца жыцця будзе помніць гэтае шэсце і наогул свята ў Шуміліне. “І плакаў, і радаваўся, а сэрца ажно трымцела, – сказаў Аляксандр Фёдаравіч. – Вельмі эмацыянальнае атрымалася відовішча. Вялікі дзякуй за ідэю і ўдалае арыгінальнае ўвасабленне!”.
Урачыстасці прадоўжыліся ў гарадскім парку святочным канцэртам “Беларусь спявае”, тут таксама можна было паглядзець выставы і праекты  Дома рамёстваў, гісторыка-краязнаўчага музея. Дарэчы, супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея, улічваючы ўмовы надвор’я, за-прасілі да сябе на паэтычны конкурс “І адзавецца ў сэрцы кожнага Перамога”, дзе ўсе жадаючыя маглі прачытаць любімы верш пра вайну, перажыць эмоцыі і проста атрымаць задавальненне ад узаемін з аднадумцамі за кубкам чаю.
А моладзь, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і аматараў спорту чакалі на пляцоўцы работнікі Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, прапанаваўшы ім памерацца ў сілавым экстрыме: жыме штангі (лепшым аказаўся Арцём Рысаўцаў з ПМК-70), кіданні бервяна  і шынамантажы (Андрэй Бяззубенка з ПМК-70), гіравым спорце (Уладзімір Бандарэнка з УП ЖКГ), кросфіце для жанчын “фітбол” (Катарына Дубко з УП ЖКГ). Між іншым, у камандным заліку перамаглі каманды з ПМК-70, УП ЖКГ і ўчастка сувязі. А на стадыёне тым часам ішлі спаборніцтвы па гарадошным спорце і таварыскія сустрэчы сярод хлопцаў і дзяўчат па футболе.
Урачыстасці ў раённым цэнтры завяршыліся ў 23.00 акцыяй «Спяваем гімн разам!» і святочным феерверкам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2019 г.