Шумилинские гимназисты намерены покорить БГУИР

Актуалии Молодёжь Образование

Юныя матэматыкі збіраюцца скараць БДУІР

12 красавіка на механіка-матэматычным факультэце БДУ праходзіла навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў “Першы крок у навуку 2017”. Удзел у канферэнцыі ўзялі вучні раённай гімназіі Данііл Даніловіч, Максім Архіпаў і Кацярына Гарохава.
Самы юны ўдзельнік сямікласнік Данііл сваю навуковую работу прысвяціў тэме “Маленькія хітрасці бясконцых дзесятковых дробаў”. “Займаемся з Данікам па яго асабістай траекторыі развіцця”, – ахарактарызавала работу з вучнем настаўнік матэматыкі Раіса Міхайлаўна Піскунова. Яна адзначыла высокія матэматычныя здольнасці хлопца, якія, па ўсім відаць, дасталіся яму ў спадчыну ад бацькоў. Навуковая работа Данііла была прызнана бездакорнай і ўнікальнай і заваявала абсалютную перамогу.
6 урокаў матэматыкі, плюс факультатыў, плюс 4 заняткі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання – і гэта мінімальная праграма заняткаў па матэматыцы дзесяцікласніка Максіма Архіпава на тыдзень. Тэма для навуковай работы “Адзін з нестандартных метадаў рашэння змешаных ураўненняў (метад ацэнкі)” была абрана не выпадкова. “Аднойчы, рашаючы заданні ЦТ 2013 года, у адной з задач я сустрэў ураўненні змешанага віду, і мне прыйшлося шукаць новы спосаб іх рашэння”, – расказаў Максім.
Дарэчы, “адпрацоўка” заданняў ЦТ падштурхнула да навуковай дзейнасці і Кацярыну Гарохаву. “Я заўважыла, што ёсць заданні, якія нельга рашыць тым спосабам, які мы праходзім у школе,  – тлумачыла дзяўчына, – а калі гэта і магчыма, то  вылічэнні займаюць надзвычай шмат часу, што недапушчальна, калі гаворка ідзе пра ЦТ”. Адсюль і тэма  – “Дадатковыя пабудовы пры рашэнні геаметрычных задач”.
Настаўніца Паліна Аўдзееўна Кавалёва адзначыла, што навуковыя работы гімназістаў маюць вялікае практычнае значэнне. Работа Максіма Архіпава была адзначана дыпломам III ступені. Кацярына атрымала дыплом удзельніка канферэнцыі. Максім і Кацярына не сталі хаваць сваіх планаў і прызналіся, што пасля школы збіраюцца паступаць у БДУІР і ўжо даўно і старанна да гэтага рыхтуюцца.
Важна заўважыць, што ўдзел сельскай гімназіі ў такіх прадстаўнічых навуковых баталіях важны яшчэ і таму, што ёсць магчымасць ацаніць свае сілы. Згадзіцеся, такі высокі вынік для першага разу надзвычай паказальны. Дарэчы, на раённым этапе навуковыя работы не былі ацэнены так высока. Вось такія мы да сябе патрабавальныя.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 20.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *