Вольга Міляк ніколі не пакідае чалавека без свежых навін

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Вольга Міляк ніколі не пакідае чалавека без свежых навін

Пошта на вёсцы па-ранейшаму застаецца надзвычай запатрабаваным сацыяльным аб’ектам. Тут ты і пенсію атрымаеш, і грашовы перавод зробіш, па ўсіх рахунках кшталту камунальных плацяжоў ці крэдытаў разлічышся, і многія іншыя жыццёвыя пытанні вырашыш. Сюды ідуць і як у звычайную краму. І гэта калі не ўспамінаць пра самую што ні на ёсць “святую” функцыю пошты – дастаўляць да адрасата перыёдыку і карэспандэнцыю. Карацей, значэнне паштовага абслугоўвання пераацаніць немагчыма.
Гэта дакладна ведае Вольга Міляк, якая працуе паштальёнам у Кардоне ўжо амаль 20 гадоў.
– Так, многае змянілася за гэты час, напрыклад, людзі перасталі пісаць адзін аднаму лісты, дасылаць паштоўкі ці тэлеграмы. У дзень бывае ўсяго з дзясятак лістоў, – кажа паштальён, пералічваючы канверты. – Сёння, напрыклад, іх усяго восем. Часцей за ўсё карэспандэнцыя ідзе на адрас мясцовай гаспадаркі КУСГП “Ульскі”.
Усю інфармацыю па падпісцы паштальёнка лёгка трымае ў галаве.
– У мяне, вядома, ёсць хадавік, – адзначае Вольга, паказваючы спісаны ўздоўж і ўпоперак сшытак, – але я туды рэдка заглядваю.
У які населены пункт, каму і якія газеты трэба даставіць, – атрымліваецца такая своеасаблівая паштовая бухгалтэрыя, – раблю я вывад, гартаючы хадавік. У адным месцы назвы выданняў выкраслены, у іншым, наадварот, – упісаны. Абапіраючыся на гэты “дакумент”, можна, што называецца, трымаць на кантролі падпісчыкаў, не дазваляючы ім застацца без любімага выдання. Сапраўды, бывае, што за жыццёвымі клопатамі чалавек і выпусціць з увагі неабходнасць прадоўжыць падпіску. Тут, вядома, дарэчы напамін паштальёна. Што і робіць Вольга Уладзіміраўна, ведаючы кожнага свайго кліента асабіста.
Дарэчы, з вяскоўцамі ў паштальёнкі склаліся добрыя ўзаеміны. Яна ж мясцовая, кардонская, усіх ведае, і яе ўсе ведаюць. Паважаюць. Вольга Уладзіміраўна адкрытая, таварыская, гаварлівая. Яна лёгкая на нагу, што вельмі важна для чалавека яе прафесіі.
Паштовае аддзяленне ў Кардоне, апроч самога аграгарадка абслугоўвае яшчэ і невялікія навакольныя вёсачкі: Ілава, Рыпіншчыну і Камачына. І калі на Кардон ідзе каля сотні газет, то на астатнія населеныя пункты прыходзіцца менш за 30 экзэмпляраў.
– Сёння, напрыклад, агульная колькасць перыёдыкі складае 110 экзэмпляраў. Бывае і больш. Людзі выпісваюць шмат забаўляльных выданняў, у тым ліку і дзіцячых. Але на першым месцы ў нас заўжды раёнка – 52 экзэмпляры. – А, наогул, людзей у вёсках становіцца ўсё менш, а значыць, і падпісчыкаў таксама. Вунь у Рыпіншчыну ўсяго дзве газеты нясу, – канстатуе паштальён.
Хоць дзесяць газет, хоць адну, але дастаўляць пошту трэба. І Вольга Міляк ніколі не дазваляе сабе пакінуць чалавека без свежых навін. У любое надвор’е яна намотвае на ручку веласіпеда паштовую сумку, сядлае свайго жалезнага сябра і адпраўляецца ў шлях. І так 20 гадоў.
Вольга Міляк – аптымістычная задорная жанчына, яна хваткая, спрытная і заўжды ў добрым настроі. У яе надзейны муж, добрая дачка, якая вучыцца на медыка, і жыццё, якім жанчына поўнасцю задаволена.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №57 ад 27.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *