Беларусь, Расія і Латвія ў 60-ы раз сабраліся на Кургане Дружбы

Актуалии Беларусь помніць Новости

60 год сяброўства і адзінства
Шматлюднай, яркай і ўрачыстай была сёлетняя сустрэча на Кургане Дружбы. 7 ліпеня тут у 60-ы раз сабраліся ветэраны партызанскага руху, былыя франтавікі, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, грамадзяне  Беларусі, Расіі, Латвіі і іншых краін, каб пацвердзіць сваю прыхільнасць ідэалам міру, добрасуседства і справядлівасці, за якія ваеннае пакаленне самааддана змагалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Кветкі да помніка камсамольцам-падпольшчыкам вёскі Прошкі ўскладаюць дэлегацыі Расіі, Беларусі і Латвіі на чале з Міхаілам Вядзернікавым, Мікалаем Шарснёвым і Артурам Рубіксам.

Беларускую дэлегацыю ўзначальваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, расійскую –  губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў, латышскую – дэпутат Сейма Латвіі Артур Рубікс.
У святочных мерапрыемствах брала ўдзел і шумілінская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай, у дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Гаспадаром свята сёлета быў расійскі бок, таму сустрэча пачалася на тэрыторыі Расіі з ускладання кветак да помніка разведчыцы Марыі Пынто, затым – да манумента героям-камсамольцам вёскі Прошка ў Беларусі. Пасля гэтага кіраўнікі Віцебскай і Пскоўскай абласцей перадалі кошык з кветкамі для ўскладання да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу на тэрыторыі Латвіі. Па традыцыі ўсе разам спявалі “Кацюшу”.
Пасля літыі па загінуўшых воінах-вызваліцелях, якая прайшла ў капліцы  Сергія Раданежскага, адбыўся ўрачысты мітынг, у пачатку якога кіраўнік дэпартамента па рэгіянальнай палітыцы Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Герой Расіі Аляксей Раманаў зачытаў віншавальную тэлеграму ад Уладзіміра Пуціна.
«Палотнішча Вызвалення», якое складаецца з прозвішчаў Герояў Савецкага Саюза і кавалераў Ордэна Славы – ураджэнцаў Віцебскай вобласці, трымаюць актывісты ГА БРСМ.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Мікалай Шарснёў,  Міхаіл Вядзернікаў,  Артур Рубікс, кіраўнікі беларускіх і расійскіх грамадскіх арганізацый, якія нагадалі пра баявое супрацоўніцтва народаў трох краін у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра інтэрнацыянальную партызанскую зону, што была на гэтых землях, пра плённае супрацоўніцтва паміж краінамі і рэгіёнамі зараз. Выступаючыя падкрэслівалі, што Курган Дружбы за 60 год стаў месцам сяброўства і яднання народаў.

Феерычнымі атрымаліся выступленні воінаў-пагранічнікаў і кінолагаў з сабакамі, дэсантнікаў 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай Чырванасцяжнай дывізіі. Канцэртную праграму склалі  выступленні ансамбля песні і танца Заходняй ваеннай акругі і  ўзорна-паказальнага аркестра Акадэмічнага ансамбля песні і танца войск нацыянальнай гвардыі, а таксама група “Партызан FM”.
Багата было розных цікавых інтэрактыўных пляцовак: партызанскі лагер са шпіталем, лазняй, друкарняй, зямлянкай, выстава рэканструяванай тэхнікі і ўзбраення. Многія госці свята прайшлі “курс маладога байца”.
Завяршылася сустрэча на Кургане Дружбы  традыцыйным партызанскім вогнішчам дружбы. Ветэраны і партызаны ўспаміналі свой баявы шлях. Да кожнага з гэтых паважных людзей падышлі кіраўнікі дэлегацый, падзякавалі ветэранам за перамогу, за сённяшняе мірнае неба, пажадалі моцнага здароўя і выказалі цвёрдую ўпэўненасць, што памяць пра  іх подзвіг будзе жыць вечна, перадаючыся з пакалення ў пакаленне.
Дарэчы, сярод актыўных ўдзельнікаў мерапрыемстваў былі маладыя людзі з Віцебскай і Пскоўскай абласцей, якія спаборнічалі падчас маладзёжнага турзлёту, што прайшоў на Кургане Дружбы 5-7 ліпеня. Мікалай Шарснёў адзначыў, што эстафету сустрэч на Кургане Дружбы павінна падхапіць моладзь, каб працягнуць цесныя стасункі паміж народамі ў будучым.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2019 г.