В Шумилино прошла спартакиада сельских жителей

Актуалии Сельское хозяйство Спорт, туризм

Команда ОАО "Ловжанское"

Лаўжанцы – лепшыя
У мінулую суботу на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшла летняя спартакіяда сярод сельскіх жыхароў. Каманды з “Шумілінскага райаграсэрвісу”, “Мішневіч”, “Лаўжанскага”, “Сіроцінскага”, “АграБаравінкі” і “Прыдзвінскага”  на спартыўных пляцоўках даказвалі, што яны лепшыя ў валейболе і міні-футболе, лёгкай атлетыцы і перацягванні каната.
Спартыўнага энтузіязму, справядлівай барацьбы і перамог пажадаў на адкрыцці фэсту начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў. “Спартакіяда сярод сельскіх жыхароў стала добрай традыцыяй у спартыўным жыцці раёна,” — падкрэсліў Сяргей Уладзіміравіч.
Пачалася спартакіяда з лёгкай атлетыкі, з забегаў на кароткую і сярэднюю дыстанцыі. Як высветлілася пазней, менавіта першы від праграмы і стаў вырашальным. У камандным заліку перамогу святкавалі лёгкаатлеты з “Лаўжанскага”, другое месца ў “АграБаравінкі”, трэцяе – у “Мішневіч”. У асабістым заліку прызавыя тройкі наступныя: першае месца – Святлана Булаўкіна і Канстанцін Аўсянкін (абодва з “Лаўжанскага”), другое – Наталля Сямёнава (“Мішневічы”) і Кірыл Калдуноў (“АграБаравінка”), трэцяе – Вікторыя Карэліна (“Сіроцінскі”) і Аляксандр Васільчанка (“Лаўжанскае”).
Цікава праходзілі валейбольныя спаборніцтвы, алімпійская сістэма надала інтрыгі турніру. І калі “Лаўжанскае” і “Райаграсэрвіс” з праблемамі (лік па партыях 2:1), але выйшлі ў фінал, мішневіцкія валейбалісты ва ўпартай барацьбе абыгралі моцную сіроцінскую каманду. У фінале лепшымі сталі спартсмены з райаграсэрвісу, другімі – з “Мішневіч”, трэцімі – з “Лаўжанскага”.
А вось міні-футбол сюрпрызаў не прынёс. Фаварыты груп лёгка выйшлі ў фінал, у якім міні-футбалісты “Лаўжанскага” сталі на прыступку вышэй за «Райаграсэрвіс». Трэцяе месца ў “Прыдзвінскага”.
Перад апошнім стартам, перацягваннем каната, прызавая тройка яшчэ не вызначылася канчаткова. Калі з першым-другім месцамі было ўсё зразумела, то трэцім прызёрам магла стаць любая каманда. Самыя моцныя асілкі, аказваецца, у «Райаграсэрвісе», канатчыкі з «Лаўжанскага» і «Прыдзвінскага» занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.
Па выніках спаборніцтваў перамогу ў спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў атрымала каманда ААТ “Лаўжанскае”, другімі сталі спартсмены з УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, а на трэцюю прыступку п’едэсталу ўзнялася каманда КУСГП “Мішневічы”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *