Шумилинская ГАИ контролирует уборку

Бяспека Новости Экономика

Уборка ўраджаю пад асаблівым кантролем
Уборачная кампанія ў раёне ў самым разгары, і падчас яе вельмі важна забяспечыць дарожную бяспеку, прасачыць, каб механізатары не парушалі Правілы дарожнага руху. Такая задача пастаўлена перад супрацоўнікамі Дзяржаўта-інспекцыі, якія штодзённа праводзяць прафілактычныя рэйды.
Падчас аднаго з іх у некаторых сельгаспрадпрыемствах пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
Падчас рэйду на мехдвары ААТ “АграБаравінка”.
Інспектар дарожна-патрульнай службы Сяргей Калянковіч расказаў: “Правяраем фізічны стан вадзіцеляў і механізатараў, кантралюем выпуск транспартных сродкаў на лінію, сочым, каб усе вадзіцелі мелі пуцявыя лісты, каб  светлавыя прыборы на сельгастэхніцы былі спраўнымі, каб механізатары захоўвалі правілы дарожнага руху і на дарогах, і на палетках”.
Па дарозе да зернесушыльнага комплексу УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” інспектар ДПС спыняе два МТЗ, правярае ў механізатараў дакументы і тэхнічны стан трактароў – усё ў парадку. У Язвіне  спыняем вадзіцеля МАЗа з ААТ “АграБаравінка”, да яго таксама ніякіх прэтэнзій няма. “Усіх сваіх механізатараў перад выпускам на лінію правяраем праз алкатэстар, –  расказаў галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Клімушэўскі, якога засталі на мехдвары ў Башнях. – З дысцыплінай няма праблем – камбайнеры ў нас адказныя”. Калі мы пацікавіліся, ці маглі вадзіцелі на адвозцы прасыпаць зерне на абочыне дарогі (яго мы ўбачылі ля Мазек), усе запэўнілі, што “гэта збожжа чужое” – на Віцебскі КХП возяць жыта і пшаніцу з іншых гаспадарак і раёнаў. Сапраўды, мы ўпэўніліся, што машыны для адвозкі збожжа  ў “АграБаравінцы” абсталяваны тэнтамі, кузавы герметычныя –  па дробных шчылінах прайшліся мантажнай пенай.
“Важна быць максімальна ўважлівымі падчас руху, не перавышаць устаноўленую хуткасць, не парушаць правілы абгону і манеўравання, –  нагадаў Сяргей Калянковіч падчас прафілактычнай гутаркі з механізатарамі “АграБаравінкі”. – Ужыванне спіртных напіткаў несумяшчальнае з работай і можа прывесці да трагедыі. Памятайце, што вас дома чакаюць родныя”.
А вось механізатар  КУСГП “Ульскі” ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў МТЗ па Лявонаве. Пакуль інспектар ДПС складаў пратакол, патлумачыў парушальніку, што яму пагражае штраф ад 50 да 100 БВ і пазбаўленне правоў на тры гады.
На зваротным шляху ў Шуміліна на аўтадарозе Р-20 работнік дзяржаўтаінспекцыі спыніў двух механізатараў сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”. Дакументы ў іх былі ў парадку, тэхнічны стан МТЗ здавальняючы.
“Работнікі дзяржаўтаінспекцыі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме і правяраюць аб’екты АПК з пачатку ўборачнай кампаніі, – расказаў старшы дзяржаўтаінспектар Віктар Бурлакоў. – З 4 ліпеня па 15 жніўня зарэгістравана 14 парушэнняў правілаў дарожнага руху (у асноўным гэта адсутнасць тэхагляду і няспраўныя светлавыя прыборы на сельгастэхніцы), адзін механізатар сеў за руль без правоў кіравання, трое – нецвярозымі. Рэйды ДАІ будуць працягвацца і надалей, бо ў сціслыя тэрміны і без надзвычайных сітуацый правесці ўборачную – справа дзяржаўнай важнасці. Ад перабойнай і зладжанай работы транспарту, ад бяспекі дарожнага руху ў многім залежыць паспяховасць яе рашэння”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2019 г.