Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Конь
Мужчына з Лескавіч, які даглядаў каня УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, прыехаў да знаёмых у Шуміліна, дзе распіваў спіртныя напіткі. Калі грошы закончыліся, мужчына вырашыў прадаць каня на мяса, за што выручыў 830 рублёў. Узбуджана крымінальная справа па арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Прысваенне або растрата”. Максімальнае пакаранне, што пагражае мужчыну, – пазбаўленне волі да 4 гадоў са штрафам або без яго.
Шрубавёрт
У РАУС звярнуўся жыхар райцэнтра, які расказаў, што з ягонай кватэры пасля сумеснага распіцця са знаёмым спіртных напіткаў знік шрубавёрт “Бош”. Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што яго прыбраў да рук раней судзімы жыхар в. Вялікія Ляжні. Падазроны арыштаваны і знаходзіцца ў следчым ізалятары г. Віцебска.
Кнігі
Невядомы прадавец “УКантакце” прадаваў кнігі. Купіць іх захацела жыхарка райцэнтра, яна пералічыла прадаўцу 70 рублёў. Але ні кніг, ні вернутых грошай не атрымала, таму звярнулася ў міліцыю. Па арт. 209, ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Махлярства” ўзбуджана крымінальная справа.
Лом
У ходзе аператыўнага расследавання ўстаноўлена, што жыхар Аршанскага раёна ўкраў з гаража ў Обалі лом каляровага металу, кампрэсар, набор ключоў, некалькі літраў дызельнага паліва. Агульны ўрон склаў 220 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
Агароджа
Вадзіцель неўстаноўленага транспартнага сродку, рухаючыся па вуліцы Луначарскага, выехаў за межы праезнай часткі і ўрэзаўся ў агароджу. Вадзіцель з’ехаў з месца ДТЗ. Супрацоўнікі ДАІ праводзяць вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні асобы кіроўцы. Калі некаму вядомы падрабязнасці названага ДТЗ, супрацоўнікі ДАІ просяць паведаміць пра гэта па тэл. 4-18-50 або 102.
Аварыя
Жыхар Віцебска, які па дарозе Р-20 (ля Язвіна) кіраваў “Маздай”, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з з грузавым аўтамабілем пад кіраваннем жыхара Браслава. Вадзіцель “Мазды” і пасажыр з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі былі дастаўлены ў райбальніцу, дзе праз некалькі дзён вадзіцель памёр. Па папярэдняй інфармацыі, у час кіравання аўто ён заснуў за рулём. Супрацоўнікі ДАІ ў чарговы раз заклікаюць усіх вадзіцеляў не садзіцца за руль у стомленым стане.
Нецвярозыя
У жніўні супрацоўнікі ДАІ спынілі на дарогах раёна шэсць вадзіцеляў, якія селі за руль у стане алкагольнага ап’янення. Парушальнікам пагражае штраф да 100 БВ і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №69 ад 03.09.2019 г.