Знайшлі ў Шуміліне праз 75 год

Беларусь помніць Грамадства Культура Навіны

Знайшлі   ў   Шуміліне праз   75   год
Памяць людская. Яна нясгасная і жыве ў нашых сэрцах. І сёння мы памятаем тых, хто змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аддаў свае жыцці, вызваляючы Радзіму. А многія нават не ведаюць, дзе магіла роднага чалавека, бо ў лісце з фронту значылася “прапаў без вестак”.

Такі ліст на сына Дзмітрыя атрымалі ў 1944 годзе Алена Фёдараўна і Канстанцін Васільевіч Кальцовы з вёскі Рачныя Котцы Удомельскага раёна Калінінскай вобласці. Іх даўно няма ў жывых. Іх дачка Галіна Канстанцінаўна жыве ў Наўгародскай вобласці, жанчына ўжо ў сталым узросце, некалькі гадоў таму, загарэлася ідэяй знайсці магілу свайго брата Дзмітрыя.  Да гэтай справы далучылася яе пляменніца  Галіна Крылова, якая таксама жыве на Наўгародчыне. Яна звярталася ў архівы, адкуль атрымлівала адказы, што звестак, дзе пахаваны Дзмітрый Кальцоў, няма.
Пазней Галіна Крылова ў аўтаматызаваным банку дадзеных “Мемарыял”,  знайшла, што яе родны дзядзя Дзмітрый Канстанцінавіч Кальцоў загінуў 24 чэрвеня 1944 года і пахаваны ў мястэчку Шуміліна Віцебскай вобласці. Галіна звязалася з Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым  музеем, супрацоўнікі якога пачалі свой пошук.
– Некалькі месяцаў мы вялі перапіску з Галінай Крыловай, – расказала дырэктар Шумілінскага музея Святлана Іванова. – Быццам бы адразу высветлілася, што, згодна з архіўнымі дадзенымі, Дзмітрый Кальцоў пахаваны на брацкіх могілках у Шуміліне. Але не супадалі звесткі пра бацькоў, месцы нараджэння  і пражывання Дзмітрыя, нас заблытала тое, што былі перайменаваны населеныя пункты. На наша шчасце, у сваякоў героя з Наўгародскай вобласці былі пасведчанні аб нараджэнні бацькоў Дзмітрыя – дзякуючы гэтаму высветлілася, што мы знайшлі месца апошняга прытулку Д. К. Кальцова.
На яго магілу вырашылі прыехаць сястра Галіна, пляменніца і іншыя сваякі з розных гарадоў Расійскай Федэрацыі. Гэта паездка ў Шуміліна аб’яднала сваякоў – кожнаму хацелася пакланіцца магіле роднага чалавека. Госці з Наўгародскай вобласці былі прыемна ўражаны, што да іх прыезду ў Шуміліне рыхтаваліся: на мемарыяльную пліту на брацкіх могілках прымацавалі таблічку з прозвішчам Дзмітрыя Кальцова і яго фотаздымкам. На вачах расіян былі адначасова слёзы радасці і гора.
– Дзякуй шумілінцам за памяць, за догляд за магілай майго брата, – сказала Галіна Канстанцінаўна. – Дзмітрый пайшоў на фронт, калі яму было ўсяго 18, а праз год ён загінуў, вызваляючы шумілінскую зямлю ад ворагаў. Мы вельмі доўга шукалі ягоную магілу, і рады, што знайшлі – прыехалі якраз на 75-ю гадавіну з дня гібелі Дзмітрыя. Мы вырашылі, што на наступны год прыедзем разам з маладым пакаленнем – дзецьмі, пляменнікамі, унукамі. Патрыятычнае выхаванне трэба пачынаць ля брацкіх могілак, дзе пахаваны твае сваякі.
У знак удзячнасці расіяне падарылі супрацоўнікам шумілінскага музея кнігу “Вялікі Ноўгарад” і зборнік вершаў пляменніцы Дзмітрыя Кальцова Надзеі Маркавай, якая многія свае творы прысвяціла Беларусі.
Дарэчы, у ходзе пошукавых работ работнікі гісторыка-краязнаўчага музея ўстанавілі прозвішчы і імёны яшчэ двух салдат, якія ваявалі на тэрыторыі нашага раёна і пахаваны на брацкіх могілках у Шуміліне: Міхаіла Пятровіча Кіхцюка з Ровенскай вобласці, што на Украіне, і Віктара Мікалаевіча Сямёнава (месца нараджэння не ўстаноўлена). Іх прозвішчы таксама  будуць нанесены на мемарыяльную пліту на брацкіх могілках у Шуміліне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №69 ад 03.09.2019 г.