Задачы сістэмы адукацыі раёна і шляхі іх рашэння абмеркавалі педагогі Шуміліншчыны на раённай педагагічнай канферэнцыі

Актуалии Новости Образование

Стратэгічныя  задачы – эфектыўныя  рашэнні
Стратэгічныя задачы сістэмы адукацыі раёна і шляхі іх рашэння абмеркавалі педагогі Шуміліншчыны на раённай педагагічнай канферэнцыі

У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, кіраўнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі арганізацый  і прадпрыемстваў раёна, раённых грамадскіх арганізацый.  Сёлета аддзел па адукацыі райвыканкама адзначае 95-годдзе з дня ўтварэння, таму ў цэнтры ўвагі былі ветэраны-педагогі, былыя работнікі раённага аддзела па адукацыі. У фае Дома Саветаў, дзе праходзіла канферэнцыя, былі разгорнуты выставы работ вучняў і педагогаў устаноў адукацыі раёна.
У мінулым годзе на ўтрыманне сістэмы адукацыі раёна выдаткавана 12,87 мільёна рублёў, у тым ліку 600 тысяч – на капітальны рамонт, 100 тысяч – на бягучы, 415 тысяч – на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Ёсць рашэнне Сусветнага банка аб выдзяленні 2 мільёнаў рублёў на рамонт Шумілінскай СШ №1, у якой будзе рэалізаваны праект “школы будучага”, 1 мільён рублёў выдаткаваны на рамонт Обальскай СШ у 2020 годзе па праграме развіцця малых гарадоў.
Пастаянна вядзецца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, яна знаходзіцца ў спісе асноўных задач аддзела, адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова. Істотна абноўлена тэхналагічнае абсталяванне харчаблокаў школ і садоў, спартыўных залаў і пляцовак, набываецца камп’ютарная тэхніка, сучасныя сродкі навучання, так 10 тысяч рублёў выдаткавана на набыццё камплектаў робататэхнікі для развіцця тэхнічнай творчасці дзяцей. Для падвозу 324 вучняў і выхаванцаў будуць задзейнічаны 10 аўтобусаў, у тым ліку новыя  2 аўтобусы і “Газель”. У ліку асноўных задач застаюцца пытанні павышэння якасці харчавання дзяцей, паляпшэння санітарна-гігіенічнага рэжыму адукацыйнага працэсу.
Але галоўнай задачай на 2019/2020 навучальны год для ўсіх педагогаў раёна павінна стаць выніковая работа па раскрыцці і развіцці здольнасцей усіх дзяцей, іх рознабаковага выхавання. Без гэтага немагчыма забяспечыць якасную адукацыю, падкрэсліла начальнік аддзела.  А для гэтага ёсць кваліфікаваныя педагагічныя кадры: з 420 педагогаў 94,6 працэнта маюць вышэйшую адукацыю, 80 працэнтаў – вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі выкарыстоўваюць новыя методыкі і формы работы па навучанні і выхаванні дзяцей. Будзе развівацца профільнае навучанне ў старэйшых класах ва ўсіх сярэдніх школах раёна і ў раённай гімназіі, педагагічныя класы будуць працаваць у Кардонскай СШ і гімназіі, аграрныя – у гімназіі і Мікіціхінскай СШ, прадоўжыцца прафесійнае навучанне вучняў. Тое, што установы адукацыі раёна могуць забяспечыць высокі ўзровень адукацыі, сведчаць вынікі мінулага навучальнага года: 65,4 працэнта выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ – самы высокі паказчык за апошнія гады, 7 выпускнікоў закончылі школу з залатым медалём, 10 выпускнікоў базавай ступені атрымалі пасведчанне асаблівага ўзору.
Кіраўнік аддзела па адукацыі агучыла рэйтынг школ раёна па выніках работы за папярэдні год: лепшай сярод гарадскіх устаноў адукацыі стала Обальская СШ (дырэктар І. Чарнічэнка), сярод сельскіх сярэдніх – Кардонская СШ (Л. Васільева), сярод базавых – Амбросавіцкая д/с-БШ (І. Матэленак).
Загадчык Обальскага ясляў-сада Наталля Спірідзенка падзялілася вопытам работы па патрыятычным выхаванні. Педагог раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Бараноўская расказала пра рознабаковую дзейнасць установы дадатковай адукацыі (91 аб’яднанне па інтарэсах, больш за 900 навучэнцаў), нетрадыцыйныя метады і формы работы, яе выніковасць. Дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі Аксана Шашкова засяродзіла ўвагу на праблемах адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якая ахоплівае 263 дзіця, фарміраванні інклюзіўнай культуры ўсіх ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.
На канферэнцыі выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў, які павіншаваў педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, выказаў шчырыя пажаданні новых поспехаў і дасягненняў у рабоце. Кіраўнік раёна адзначыў, што ў сістэму адукацыі раёна ўкладаюцца значныя фінансавыя рэсурсы, і раён мае права чакаць эфектыўнага іх выкарыстання і высокай аддачы. У рабоце ўстаноў адукацыі ёсць добрыя вынікі. Але ёсць і пытанні, над якімі ў новым навучальным годзе павінны працаваць і супрацоўнікі аддзела, і работнікі ўстаноў адукацыі. Так, вынікі кантрольных зрэзаў, а таксама цэнтралізаванага тэсціравання не адпавядаюць адзнакам, якія ставяцца вучням. Маюцца добрыя паказчыкі па паступленні выпускнікоў у ВНУ, але наколькі гэта адпавядае патрэбам раёна? Прафарыентацыйная работа з вучнямі і іх бацькамі павінна весціся менавіта, зыходзячы з запытаў прадпрыемстваў раёна, да гэтай работы неабходна актыўна падключацца кіраўнікам і спецыялістам арганізацый, асабліва сельскагаспадарчых, падкрэсліў Віктар Гутараў. Старшыня райвыканкама арыентаваў педагогаў на такія пытанні, як працоўнае навучанне і выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і любові да спорту. Асобныя задачы стаяць перад калектывамі раённай гімназіі і Шумілінскай СШ №1, якія з’яўляюцца вядучымі ўстановамі адукацыі раёна. Наогул, падкрэсліў кіраўнік раёна, хочацца дапамагаць тым, хто нешта робіць сам, а не толькі просіць і чакае таго, што дадуць.
Віктар Гутараў, Ірына Новікава і Валянціна Мянькова ўручылі граматы і падзякі вялікай групе работнікаў сістэмы адукацыі, ветэранам педагагічнай працы.
Былі прадстаўлены маладыя спецыялісты, сёлета 7 чалавек ўліваюцца ў кагорту педагогаў раёна. З наказам да іх звярнулася дырэктар Кардонскай школы Людміла Васільева.
Адукацыя – гэта галіна, якая не можа стаяць на месцы. Ад непарыўнасці працэсу яе развіцця, росту і ўдасканалення залежыць развіццё рэгіёна і краіны з цэлым. Задачы акрэслены, шляхі рэалізацыі вызначаны. Напера-дзе складаная штодзённая работа па іх увасабленні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №69 ад 03.09.2019 г.