Шумилинский район готовится к переписи населения-2019

Новости

Погляд на сапраўднае – крок у будучае!
З 4 па 30 кастрычніка 2019 г. у Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва

9 верасня пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Шалахавай прайшло пасяджэнне часовай камісіі па садзейнічанні перапісу насельніцтва.
Начальнік аддзела статыстыкі Шумілінскага раёна Таццяна Малашонак паведаміла, што для правядзення перапісу ў раёне падрыхтавана 28 перапісчыкаў, на якіх ляжа асноўны цяжар работы па правядзенні гэтага  адказнага агульнадзяржаўнага мерапрыемства. Тэрыторыя раёна падзелена на 24 перапісныя ўчасткі. У раёне будуць працаваць два стацыянарныя перапісныя пункты – у Шуміліне (у аддзеле статыстыкі) і Обалі (у будынку сельвыканкама), яны будуць працаваць з 9.00 да 20.00.
Сёлетні перапіс мае шэраг асаблівасцей і шмат чаго будзе рабіцца ўпершыню. Так, упершыню жыхары краіны могуць запоўніць перапісны ліст самастойна праз інтэрнэт – на сайтах www.census.by, www.перепись.бел. Дарэчы, гэтыя сайты ўжо працуюць, там вя-дзецца адлік часу да перапісу, можна пазнаёміцца з пытаннямі, якія будуць задавацца падчас перапісу, іншай інфармацыяй па правядзенні перапісу, у рэжыме перапісу яны пачнуць працаваць з 4 кастрычніка. Таксама ўпершыню перапісчыкі будуць запаўняць не папяровыя перапісныя лісты, а электронныя – у планшэтах, якія будуць у кожнага перапісчыка. Упершыню ў Беларусі будзе праведзены і сельскагаспадарчы перапіс.
Перапіс пройдзе ў некалькі этапаў:
з 4 па 18 кастрычніка жыхары раёна могуць перапісацца праз інтэрнэт ці наведаўшы стацыянарныя перапісныя ўчасткі, таксама будуць працаваць мабільныя перапісныя групы;
19-20 кастрычніка будуць падведзены вынікі перапісу праз інтэрнэт і на стацыянарных участках;
21 па 30 кастрычніка пачнецца абход перапісчыкамі тых хатніх гаспадарак, якія не прайшлі перапіс.
Таццяна Малашонак прасіла ўсіх членаў камісіі, кіраўнікоў сельвыканкамаў актывізаваць тлумачальную работу з насельніцтвам, каб людзі ведалі пра перапіс і былі гатовы адказаць на пытанні перапісчыкаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2019 г.