Сёлета на работу ў Шумілінскі раён прыехалі 54 маладыя спецыялісты

Актуалии Моладзь Навіны

Пачалі працаваць.
І ўжо атрымалі першую зарплату
Сёлета на работу ў Шумілінскі раён прыехалі 54 маладыя спецыялісты. Яны ўжо прыступілі да работы, і многія паспелі атрымаць першую зарплату. Пра тое, як яны ўладкаваліся на новым месцы, дзе жывуць і колькі зарабляюць, нам расказалі ў арганізацыях, якія прадаставілі маладым спецыялістам першае працоўнае месца.

На жнівеньскай педканферэнцыі прадставілі маладых педагогаў, якія прыехалі працаваць у раён. Фота Сяргея ЕРМАЛАЕВА.

Двух маладых спецыялістаў вітаў Шумілінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Галоўны ўрач РЦГЭ Крысціна Афанасьева паведаміла, што Вольга Станкевіч працуе фельчарам-валеолагам, Карына Гапава – памочнікам урача-эпідэміёлага. Абедзве вучыліся па мэтавым накіраванні і будуць адпрацоўваць у Шуміліне тры гады, як і тыя спецыялісты, што працуюць тут трэці год. Так што цяпер у РЦГЭ чацвёра маладых спецыялістаў. Першая зар-плата Вольгі і Карыны склала крыху больш за 450 рублёў, у іх старэйшых калег – ужо на пару соцень больш. Што датычыць  жылля, дык адну з дзяўчат уладкавалі ў інтэрнат па вуліцы Луначарскага, а вось другая пажадала ездзіць кожны дзень дадому ў Віцебск.
Педагагічную  гвардыю раёна ў гэтым годзе папоўнілі 8 спецыялістаў. Трое з іх працуюць настаўнікамі: Анастасія Бучкіна – настаўнікам пачатковых класаў Обальскай СШ; Эльвіра Журава выкладае рускую мову і літаратуру ў СШ №1; Дзіяна Сабаршова працуе настаўнікам-дэфектолагам у Міш-невіцкай яслях-садзе – базавай школе. Пяцёра ўчарашніх студэнтак папоўнілі рады выхавальнікаў дашкольных устаноў: Вераніка Брыкман працуе ў Обальскім яслях-садзе; Анастасія Панкова і Дзіяна Салаўёва – у яслях-садзе №3 г. п. Шуміліна; Вольга Міхальчанка – у яслях-садзе №2; Аляксандра Мелюха – у Светласельскім яслях-садзе. У аддзеле па адукацыі райвыканкама паведамілі, што ўсе васьмёра спецыялістаў жывуць дома ў бацькоў. Зарплата настаўнікаў і выхавальнікаў будзе стартаваць ад 630 рублёў, на яе паўплываюць надбаўкі, прэмія, у далейшым – катэгорыя, стаж і г. д.
У раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у якасці маладога спецыяліста прыйшла Анастасія Сямёнава. Ёй адразу прапанавалі сур’ёзную пасаду інспектара нагляду і прафілактыкі, яе зарплата складае 700 рублёў. Анастасія здымае кватэру, частку аплаты за якую кампенсуе райаддзел.
5 маладых спецыялістаў – 5 майстроў лесу – такое багацце займеў сёлета “Шумілінскі лясгас”, расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Доктарава. Двое спецыялістаў – Вікторыя Цітова і Аляксей Мельнічук – мацуюць Мішневіцкае лясніцтва. Вікторыя, дарэчы, мясцовая і жыве дома, а Алясей здымае камерцыйную кватэру, якую яму калегі дапамаглі падрамантаваць. Зарплата ў абодвух – 600 рублёў. 600 рублёў пакуль што мае і Кацярына Пракопава, яна працуе ў Мікалаеўскім лясніцтве, здымае камерцыйную кватэру ў Кардоне. А вось у Мікіцісе лясгас мае ўласную камерцыйную кватэру, якую і прапанаваў маладому майстру лесу Вячаславу Радуку. Першая зарплата ў Вячаслава склала 700 рублёў. Як і ў Станіслава Каламійцава, працуючага на лесасеках лесапункта. На першых парах Станіслаў будзе жыць у інтэрнаце па Луначарскага ў Шуміліне, а там, глядзіш, кватэру ці нават дом пабудуе. У маладых багата наперадзе добрых спраў і здзяйсненняў.
Пра маладых спецыялістаў, якія працуюць у іншых арга-нізацыях і на прад-прыемстваў раёна, мы раскажам у наступных выпусках газеты.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2019 г.