История в судьбах людей. Р. П. Прохорова: «Надзирал за нами злой немец Эшка»

Людзі і лёсы

“Наглядаў за намі злы немец Эшка”
Раіса Прохараўна Гарбузава (дзявочае прозвішча Донава) заўсёды жаданы госць у Амбросавіцкай школе. Яе запрашаюць на класныя гадзіны, розныя патрыятычныя мерапрыемствы. Раіса Прохараўна добра помніць вайну, пакуты, сваё скалечанае дзяцінства. Перад яе вачыма застыў вобраз бацькі, Прохара Пракопавіча Донава, якога ў першыя дні вайны забралі на фронт. У дзіцячай памяці на ўсё жыццё адлюстравалася тое  далёкае і шчымлівае развітанне з бацькам. “Разам з мачахай, старэйшай сястрой Валянцінай выйшлі праводзіць бацьку, – згадвае Раіса Прохараўна. –  Доўга ішлі па дарозе. Ля вялікай лужыны пасярод дарогі ён спыніўся і сказаў: “Усё, далей не трэба. Ідзіце дадому”. Мяне, сямігадовую, ён падняў на рукі, моцна абняў і пацалаваў. І больш я свайго бацьку не бачыла, ён загінуў на фронце”.
Ні маленькая Раіса, ні яе сястра Валянціна тады яшчэ не ведалі, што разам з мачахай Аленай Малахаўнай Тарбеевай і яе дачкой Марыяй апынуцца ў германскіх канцэнтрацыйных лагерах і прабудуць там амаль два гады. “Нашу сям’ю і сем’і многіх знаёмых разам з дамашняй жывёлай пагрузілі ў вагоны-цялятнікі,  – гаворыць наша субяседніца. – Так мы ехалі да Брэста. Там нашу карову і жыўнасць іншых вяскоўцаў выгрузілі, а мы паехалі далей – у Германію”.
Канцэнтрацыйны лагер знаходзіўся ў нямецкім горадзе Трыр.  Дарослых адразу адправілі на работу. Напрыклад, Алена Малахаўна працавала на кухні, а сястра Раісы Прохараўны семнаццацігадовая Валянціна – у паравозным дэпо. “Калі ўсе адпраўляліся  на работу, нас, дзяцей, таксама прымушалі працаваць – мы прыбіралі ў сталоўцы і ў лагеры, – згадвае Р. П. Гарбузава. – За самую малую правіннасць нас білі плёткамі. Наглядаў за намі злы немец Эшка”.
Праз год Алену Малахаўну разам з Раісай адправілі ў іншы канцлагер, які знаходзіўся каля горада Дортмунд. Назаўсёды запомніўся рацыён харчавання ў лагеры: шпінат, цвятная капуста, дзве бульбіны. Хлеба ўвогуле не давалі…
У красавіку 1945 года вязняў вызвалілі. “А ў  ліпені мы прыехалі ў вёску Бываліна, – гаворыць Раіса Прохараўна. – Восенню вярнулася з Германіі і старшая сястра Валя. Мы пасяліліся ў Старым Сяле ў бабулі. Быццам бы і спакойна нам там было, хадзілі ў школу, але ноччу я часта прачыналася ад таго, што ў галаве стаяў звон кандалоў, у якія былі закаваны вязні канцлагера. Вельмі хацелася ўсё гэта забыць, але так і не змагла”.
Пасля заканчэння школы Раіса Донава працавала ў Езярышчы на машынна-трактарнай станцыі. Потым прыехала ў Амбросавічы – у калгас “Шлях Леніна”, тут і замуж выйшла. У калгасе амаль дваццаць гадоў рупілася касірам.
Раіса Прохараўна мае двух сыноў і дачку, чацвярых унукаў. Яна чалавек жыццярадасны і актыўны, любіць пагаварыць і пажартаваць “Я мару дачакацца і праўнукаў, – смяецца Р. П. Гарбузава. – Хачу яшчэ іх пагушкаць на руках”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №88 ад 15.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *