Учительница призналась, что любит ромашки

Людзі і лёсы Образование

“Не люблю ружы, даспадобы рамонкі”
Усё жыццё Марыі Дзмітрыеўны Красікавай звязана з Лаўжанскай школай. Яна вучылася ў гэтай школе, пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута маладую настаўніцу матэматыкі і фізікі накіравалі сюды. Дваццаць гадоў Марыя Дзмітрыеўна была дырэктарам Лаўжанскай школы, а ўвесь яе педагагічны стаж – сорак год.
“Добрая ў нас моладзь, – упэўнена сцвярджае педагог. –  Ва ўсе часы маладыя людзі былі носьбітамі новага, прагрэсіўнага. Так зараз, так было і ў гады маёй маладосці. І мы, настаўнікі, павінны ісці ў нагу з часам, інакш нас не зразумеюць нашы вучні”.
З ёй вельмі лёгка знайсці агульную мову на практычна любую тэму. Відаць, таму і вучні цягнуцца да настаўніцы, бо яна для іх –  не толькі педагог, а і сябра, дарадца з багатым жыццёвым вопытам.
Падчас нашай сустрэчы з М. Д. Красікавай размаўлялі пра ўсё – камп’ютары, інтэрнэт, літаратуру, кветкі. Неяк адразу на другі план адышлі планы-канспекты з навучальным працэсам, матэматычныя задачы з фізічнымі формуламі. Хаця і тут Марыі Дзмітрыеўне ёсць што ўзгадаць: не адзін дзясятак вучняў, дзякуючы ёй, сталі настаўнікамі матэматыкі і фізікі.
Марыя Дзмітрыеўна свабодна карыстаецца камп’ютарам, інтэрнэтам. Дзякуючы сацыяльным сеткам, падтрымлівае сувязь з аднакурснікамі і былымі вучнямі. Увечары любіць настаўніца пачытаць мастацкую літаратуру. Матэматыку падабаюцца гістарычныя раманы, у хатняй бібліятэцы багата кніг Аляксандра Дзюма, Вальтэра Скота, Уладзіміра Караткевіча. А яшчэ Марыя Дзмітрыеўна вельмі любіць кветкі (а якая жанчына не любіць кветкі?!). Багата кветак і ў хаце, і ў двары, а лепшым падарункам лічыць (асабліва ад мужчын) – букет кветак. “Не люблю ружы, ад іх нейкі холад ідзе, – прызнаецца жанчына. –  А вось рамонкавы букет песціць душу і сагравае сэрца…”.
І як на ўсё гэта знаходзіць час Марыя Дзмітрыеўна? А  яшчэ можна дадаць тое, што ў яе трое ўнукаў. Дзіву даешся, а М. Д. Красікава толькі хітра на гэта ўсміхнулася…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *