Чтобы дети росли в родном доме и со своими родителями

Общество

Каб раслі дзеці з роднымі бацькамі
Чарговы рэйд па сем’ях, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, пралягаў па вёсках Дабейскага сельсавета: Ляжні, Дабея, Прыазёрны, Амбросавічы… У складзе прадстаўнічай групы – супрацоўнікі аддзела адукацыі, РАУС, аддзела па надзвычайных сітуацыях, карэспандэнт раённай газеты. Мэта рэйду не мяняецца – паглядзець, як жывуць дзеці, ці ёсць прадукты, нармальныя умовы для жыцця, пракантраляваць бацькоў, якія звычайна злоўжываюць спіртным. Ва ўмовах надыходзячай зімы павышаная ўвага стану пажарнай бяспекі: печы, праводка, пажарныя апавяшчальнікі і іншае. Увага зразумелая, бо менавіта такія сем’і складаюць групу рызыкі па пажарах.
Агульнае ўражанне ад рэйду станоўчае. Прыемна ўжо тое, што ўсе бацькі былі цвярозыя, амаль усе займаліся хатнімі справамі – дзесьці уцяплялі вокны, дзесьці гатавалі вячэру, палілі печы, дзесьці лушчылі фасолю. У дамах быў адносны парадак (праўда, парадак у залежнасці ад паняццяў кожнай гаспадыні). Дзе-нідзе прыйшлося паказаць і на павуцінне, быццам развешанае па ўсіх кутах і столі, і на смецце сабранае ў куту пакоя ці на яшчэ нейкія не заўважаныя гаспадарамі “дробязі”.
Пажарнаму інспектару прыйшлося скласці некалькі пратаколаў з-за “жучкоў” у электралічыльніках, ці расцягнутых па ўсёй хаце правадах – самаробных падаўжальніках. Хаця пажарны нагляд тут не першы раз, бо і печы падрамантаваныя, і электраправодку спрабавалі давесці да ладу.
Тым не менш, пытанні аб далейшым лёсе сем’яў, што наведалі, засталіся. Можа, выпадковасць, што ўсе былі цвярозыя? Ці кінулі піць бацькі, ці ўзяліся за розум, ці зразумелі, нарэшце, чым пагражаюць асацыяльныя паводзіны асабіста ім і іхнім дзецям?
І адказаць упэўнена не атрымліваецца. Бо ў адной хаце на стале стаяла паўтара дзесятка бутэлек – мыліся для здачы ў краму – гаспадыня запэўнівала, што такая колькасць сабралася выпадкова, маўляў, “на вуліцы падабрала, летам дзень нараджэння адзначалі” і гэтак далей… Але не верылася ёй.
Ці другі прыклад: маладая матуля з маленькім на руках. Прыгожая, здавалася б, карціна. Але чаму сюды прыйшла камісія? Вядома ж, нездарма. І тут хочацца паверыць, што нараджэнне другога дзіцяці стане тым штуршком, які вымусіў адмовіцца ад гарэлкі, адмовіцца дзеля дзяцей, дзеля іх будучыні. Каб раслі дзеці з роднымі бацькамі, у роднай хаце, а не ў прытулку, дзіцячым доме ці ў прыёмнай сям’і.
Надзея на выпраўленне застаецца заўсёды, тым больш пад пільным кантролем грамадства і дзяржавы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №88 ад 15.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *