На могилу отца и деда в Добее приехали родные из Ленинградской области

Общество

“Мы так доўга цябе шукалі…”

У далёкім 1943-м родным Серафіма Іванавіча Добранькага, ураджэнца хутара Чухвінава Ладаміраўскага раёна Варонежскай вобласці, прыйшла пахаванка: сын, муж, бацька траіх дачок прапаў без вестак. А было яму тады 32 гады.
Жонка Надзежда Міхайлаўна доўгі час спадзявалася ўбачыць мужа жывым. Але ішлі гады, а яго не было… Тады На-дзежда Міхайлаўна вырашыла знайсці магілу мужа, прыехаць туды, аддаць даніну павагі. Пакласці кветкі, паплакаць над апошнім прытулкам роднага чалавека. Пра такую матчыну мару ведалі яе дочкі і ўнукі. І яшчэ ў 90-х гадах, пры жыцці Надзежды Міхайлаўны, пачалі шукаць, дзе загінуў Серафім Іванавіч. І з Міністэрства абароны СССР атрымалі пісьмовы адказ: камандзір узвода ПТР 381 стралковай дывізіі, лейтэнант С. І. Добранькі загінуў і пахаваны ў вёсцы Забар’е Гарадоцкага раёна. І родныя адправіліся ў Гарадок. Але ні ў адным спісе загінуўшых воінаў у Гарадоцкім раёне прозвішча Серафіма Іванавіча не значылася…
На гэтым пошукі не спыніліся. Да іх падключыўся родзіч з Гомельшчыны А. В. Сцепаненка, старшыня камітэта Міжнароднага добраахвотнага грамадскага аб’яднання “Адрасы Чарнобыльскай бяды”. Як гісторыку, яму было вельмі цікава знайсці вёску Забар’е. І знайшоў. У нашым раёне. У 1943 годзе тут ішлі кровапралітныя баі. Воінаў, у тым ліку і лейтэнанта С. І. Добранькага, якія загінулі пры вызваленні Шуміліншчыны, пахавалі на брацкіх могілках у Дабеі.
З хваляваннем і болем, што перапаўнялі душу, з радасцю, што знайшлі магілу роднага чалавека, з Ленінградскай вобласці прыехалі на шумілінскую зямлю малодшая дачка лейтэнанта Ніна Серафімаўна, унук Андрэй Юр’евіч і праўнучка Паліна, а таксама родзічы з Гомельшчыны: свацця Ніны Серафімаўны Вера Васільеўна Шураева і яе брат Аляксей Васільевіч Сцепаненка.
Выціраючы слёзы, родныя адшукалі на мемарыяльнай пліце прозвішча Серафіма Іванавіча. “Мы так доўга цябе шукалі, – прамовіла дачка загінуўшага лейтэнанта. – Нарэшце я выканала матулін запавет і знайшла, дзе ты пахаваны”.
У раёне прымалі і суправаджалі родных героя-вызваліцеля галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова, старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава, старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Прыазёрны мір” Н. М. Юхнавец. На брацкія могілкі прыйшлі і мясцовыя жыхары.
Ніна Серафімаўна расказала ўсім прысутным пра свайго бацьку: “Калі ён пайшоў на фронт, мне было ўсяго восем месяцаў. Ведаю пра яго толькі па расказах маці. Яна гаварыла, што бацька да вайны працаваў кіраўніком калгаса. А ў сваіх ваенных лістах дадому пісаў: “Беражы дзяцей, любі іх за мяне і за сябе”.
Серафім Іванавіч лічыўся прапаўшым без вестак больш за паўсотню гадоў. Родныя знайшлі яго магілу менавіта якраз да яго юбілею – у гэтым годзе С. І. Добранькаму споўнілася б сто гадоў.
“Мы глыбока ўдзячны ўсім шумілінцам за памяць, за тое, што брацкія могілкі дагледжаны, – гаварылі нашы госці на развітанне. – Мы раскажам у нашым пасёлку Сінявіна пра шчырасць і дабрыню беларускага народа”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №66 ад 30.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *