На заседании Шумилинского райисполкома проанализировали работу по привлечению инвестиций в экономику района

Актуалии Власть Экономика

Рабіць стаўку на прыватныя інвестыцыі
«Асноўны ўпор у развіцці прамысловасці будзем рабіць на Обальскі керамічны завод і прыватны сектар», – сказаў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім абмяркоўвалася работа па прыцягненні інвестыцый і рэалізацыі плана індустрыялізацыі раёна.

Намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Святлана Цімашэнка прааналізавала работу па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал. За сем месяцаў бягучага года сума інвестыцый скала больш за 11 мільёнаў рублёў, з іх у сельскую гаспадарку – амаль 4 мільёны рублёў, у будаўніцтва – 3,8 мільёна.
У рамках плана індустрыялізацыі раёна з 2016 года ў 19 аб’ектаў укладзены больш за 37 мільёнаў рублёў. Сярод буйных аб’ектаў, якія былі ўведзены ў гэтыя гады, – рэканструкцыя ферм, мадэрнізацыя цэха №2 ОКЗ, аўтазаправачная станцыя ў Мікіцісе, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, рэканструкцыя вытворчых аб’ектаў “Вітконпрадукт” і іншыя. Сёлета будуць уведзены станцыі абезжалезвання ў сельскіх населеных пунтках, гандлёвы аб’ект “СантаРытэйл”. Магчымасці для інвестыцый у раёне маюцца. На продаж выстаўлена шмат аб’ектаў – будынкі былых устаноў адукацыі, вытворчыя аб’екты райаграсэрвісу, зямельныя ўчасткі, якія можна выкарыстоўваць для розных мэт. Ёсць шэраг перспектыўных праектаў. Галоўная задача – прыцягнуць увагу інвестараў да гэтых аб’ектаў, адзначыла дакладчык.
Кіраўнік раёна паставіў задачу ўсім службам райвыканкама працаваць з інвестарамі, шукаць іх, рэкламаваць аб’екты, прывабныя для інвестыцый. У раёне слаба развіты аграэкатурызм, сістэма грамадскага харчавання, на прадпрыемствах не стараюцца адкрываць новыя вытворчасці. Без прыцягнення новых інвестыцый немагчыма далейшае развіццё раёна, яго вытворчай і сацыяльнай сфер, падкрэсліў Віктар Гутараў.
На пасяджэнні райвыканкама таксама разгледжана работа па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі раёна. «Правільнае, збалансаванае харчаванне дзяцей – залог здароўя. Тым больш, што апошнія гады медыцынскае абследаванне выяўляе рост хвароб страўнікава-кішачнага тракту дзяцей», – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Яна адзначыла, што гарачым харчаваннем з 1 верасня 2019 года ахоплена 97% усіх навучэнцаў і выхаванцаў устаноў адукацыі раёна. На абнаўленне харчаблокаў у бягучым годзе выдаткавана 53 тысячы рублёў, гэта работа працягваецца пастаянна. Асаблівая ўвага надаецца якасці харчавання, выкананню грашовых і натуральных норм.
У ходзе абмеркавання кіраўнік раёна задаваў слушныя пытанні аб забеспячэнні школ і садоў уласнай прадукцыяй. Там, дзе ёсць свая гародніна і садавіна, там больш сродкаў застаецца на мяса, рыбу, і натуральныя нормы выконваюцца лепш. А вось шумілінскія школы практычна не маюць уласнай прадукцыі, іх адміністрацыя  не шукае магчымасці набыць танную бульбу, гародніну. Ён сказаў, што з наступнага года трэба максімальна забяспечыць прадукцыяй са школьных участкаў і гарадскіх школьнікаў.
З інфармацыяй аб рабоце раённага аддзела ўнутраных спраў па захаванасці маёмасці, прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў на аб’ектах АПК выступіў начальнік аддзела Аляксей Захаранкаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2019 г.