Обальскі керамічны робіць стаўку на ўнутраны рынак

Главное Навіны Эканоміка

Обальскі керамічны робіць стаўку на ўнутраны рынак
Адна з умоў стабільнай работы прадпрыемства – запатрабаванасць прадукцыі. “Калі завод працуе не на склад, то можна сцвярджаць, што знойдзена сваё месца на рынку, прадукцыя адпавядае аптымальнаму балансу цана-якасць, – адзначае першы намеснік дырэктара Обальскага керамічнага завода Васіль Серафімовіч. – Завод выйшаў на праектную магутнасць – штогод выпускаем 33 мільёны штук цэглы. І важна тое, што сёння мы прыйшлі да таго, калі самі можам выбіраць пакупніка нашай прадукцыі. Можам працаваць па папярэдняй аплаце”.
З пачатку года абальчане выпусцілі 22 мільёны штук цэглы, прадалі каля 23 мільёнаў, складскія запасы складаюць менш чым мільён штук.
“Імкнёмся на заводзе мець запас цэглы каля 3 мільёнаў штук у актыўны сезон продажу – з мая па верасень, – расказвае начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце ОКЗ Антон Барташ. – Як паказвае практыка, такой колькасці дастаткова, каб выконваць нашы абавязкі па заключаных кантрактах”.
У апошнія гады Обальскі керамічны робіць стаўку на ўнутраны рынак, на якім патрэбы ў якаснай цэгле павялічваюцца кожны год. На экспарт ідзе каля 35-40 працэнтаў, пры гэтым у асноўным  – паўнацелая цэгла, а на ўнутраным рынку запатрабаваны ўсе сем відаў прадукцыі завода. “Обальская цэгла пераважна ідзе на будаўніцтва жылых шматкватэрных дамоў, – падкрэслівае Васіль Серафімовіч. –  З беларускіх пакупнікоў большасць прадукцыі купляюць прадпрыемствы Віцебскай вобласці. Таксама прадукцыю пастаўляем на Магілёўшчыну, дзе доўгі час супрацоўнічаем з Крычаўскай ПМК”.
Будаўнічыя трэсты Віцебска і Оршы за 8 месяцаў гэтага года набылі каля 10 мільёнаў штук цэглы. Сёлета абальчане ўмацавалі свае пазіцыі ў Наваполацку. “Будаўнічы рынак гэтага горада вельмі перспектыўны, – адзначае Антон Барташ. – Пакупнік там вельмі патрабавальны, таму радуе той факт, што ў канкурэнтнай барацьбе мы змаглі заявіць пра сваю прадукцыю. Ужо зараз ёсць канкрэтныя прапановы пра супрацоўніцтва”.
Сярод замежных пакупнікоў устойліва лідзіруе Расійская Федэрацыя, у якой палову цэглы забірае  Калінінградская вобласць. З пачатку года  заключана кантрактаў з калінінградскімі партнёрамі  на $605  тысяч. Кожны тыдзень з ОКЗ туды адгружаюць 10-15 чыгуначных вагонаў. “Пасля мадэрнізацыі завода Калінінградскую вобласць разглядалі як прыярытэтны замежны рынак збыту, – працягвае Антон Барташ. – Аддзелам па камерцыйнай рабоце завода быў скла-дзены перспектыўны план “асваення” вобласці. Было неабходна выціснуць з будаўнічага рынку Калінінградскай вобласці цэглу з Літвы і Латвіі. Обальская прапанова “цана– якасць” зрабіла сваю справу: на сённяшні дзень палова калінінградскага рынку цэглы – наша. У бліжэйшыя гады попыт на нашу прадукцыю не зменшыцца, бо заключаны доўгатэрміновыя кантракты”.
Плённым аказалася і супрацоўніцтва з Валагодскай вобласцю, куды сёлета ўпершыню была па-стаўлена цэгла з Обалі. На будаўнічай выставе “ОСМ-2019”, якая праходзіла ў Маскве, быў заключаны пробны кантракт на 20 тысяч штук цэглы з валагодскай кампаніяй “АФЛ-груп”. Вясной адправілася першая партыя. У Волагдзе ацанілі якасць обальскай прадукцыі, з лета туды адпраўляецца па 100 тысяч штук цэглы штомесяц.
Не першы год адпраўляюць сваю прадукцыю абальчане ў Архангельскую і Мурманскую вобласці. Для паўночных рэгіёнаў важна, што обальская цэгла вытрымлівае 50 цыклаў марозаўстойлівасці, падобных аналагаў практычна няма на расійскім будрынку. Пакупнікі не толькі актыўна будуюць самі, а і прасоўваюць обальскую цэглу сваім партнёрам у іншыя рэгіёны Расіі.  Сёлета обальская прадукцыя з’явілася ў сталіцы Нянецкай аўтаномнай акругі – горадзе Нар’ян-Мар.
Акрамя Расіі цэгла экспартуецца ва Украіну (каля 5% экспарту), і гэты напрамак павялічыўся.
“Ёсць прапановы з Расіі і Украіны, але бывае, што ім прыходзіцца адмаўляць на карысць беларускага рынку,  – падсумоўвае Васіль Серафімовіч. – Дзякуючы добрай якасці обальская прадукцыя запатрабаваная”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.