У мінулую суботу шумілінцы і жыхары раёна спяшаліся на кірмаш, каб папоўніць дамашнія запасы гароднінай, садавінай, іншымі прадуктамі ці купіць карысныя для побыту рэчы ў мясцовых і віцебскіх гандляроў.
Вопытныя шумілінцы ведаюць: калі хочаш, каб у цябе быў выбар тавараў, уставай раненька і адпраўляйся на кірмаш. На пачатку восьмай гадзіны раніцы, калі гандляры з КУСГП “Ульскі” толькі прыехалі, машыну апанавалі пакупнікі.


Прыватныя гандляры прадавалі моркву, цыбулю, буракі, часнок, мёд. Былі і яблыкі, але малавата – сёлета на іх неўраджай. Таму ў шумілінскага гаспадара “штрыфель” па паўтара рубля разабралі ўмомант. Бойкі гандаль быў у жыхара Добрына, які прывёз на кірмаш салёнае сала.

Лясгас прапаноўваў саджанцы дэкаратыўных дрэў, мёд, дошкі, шчыты агароджы, мётлы. Самым хадавым таварам былі дровы: два прычэпы па 175 рублёў (па 5 м. куб) купілі адразу. Не затрымаліся яны і ў работнікаў камунгасу. З машыны УП ЖКГ куплялі вагонку, чаранкі, венікі.
На кірмашы можна было цікава бавіць час, паглядзець выступленне артыстаў раённага цэнтра культуры, палюбавацца выставамі Дома рамёстваў, Цэнтра дзяцей і моладзі, Обальскага керамічнага завода.
Дыпломамі і падарункамі на кірмашы былі адзначаны лепшыя гандляры: ААТ “Прыдзвінскі”, гадавальнік з Самахвалавіч, аддзел па адукацыі райвыканкама, УП ЖКГ, Светласельскі сельвыканкам, ІП Васіль Мацуганаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2019 г.