Развіццё лічбавай сферы: ад профільнага ІТ-ВНУ да электроннага ўрада

Новости Официально Президент

Развіццё лічбавай сферы: ад профільнага ІТ-ВНУ да электроннага ўрада
Асобныя пытанні развіцця Беларусі ў лічбавай сферы абмяркоўваліся 14 кастрычніка ў час даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку.

Удзельнікамі дыскусіі сталі кіраўнікі ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, вядучых навучальных устаноў, ІТ-сектара, Парка высокіх тэхналогій.
«Сёння вамі ўнесены асобныя прапановы, якія павінны садзейнічаць развіццю і краіны як “айцішнай”, і іншых напрамкаў, звязаных з лічбавізацыяй», – удакладніў ён.
Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася ў кіраўніка дзяржавы, стала мэтазгоднасць з’яўлення ў краіне асобнай навучальнай установы для ІТ-спецыялістаў. «У ІТ-супольнасці з’явілася ініцыятыва аб стварэнні новай профільнай навучальнай установы. Гэта адно з пытанняў. Акрамя таго, ва ўрада ёсць прапановы аб тым, як удасканаліць сістэму кіравання інфарматызацыяй і лічбавымі працэсамі», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спектр актуальных задач па акрэсленай тэматыцы вельмі шырокі. «Менавіта таму ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыя вылучана як адзін з прыярытэтаў, – падкрэсліў ён. – Пакуль у гэтым напрамку хваліцца асабліва няма чым. Хоць на пятым Усебеларускім народным сходзе была пастаўлена задача да 2020 года стварыць паўнацэнны электронны ўрад».
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у бліжэйшы час правесці сур’ёзную нараду па ўсім коле праблем лічбавай трансфармацыі краіны. «Пачынаючы ад азоў: што ўсё ж такі такое лічбавізацыя, інфарматызацыя, камп’ютарызацыя, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, што ў прыярытэце. Я ўжо неяк намякаў нашым “лічбавікам”, што разважаючы на тэму, далёкую ад разумення нашым насельніцтвам (працэнтаў 90-95 наогул не разумеюць, што гэта такое), мы проста запалохваем яго, не тлумачачы, што ж такое лічбавізацыя, што гэта за цуд такі, адкуль ён узяўся, – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. – Іншая тэндэнцыя – усё большая і большая колькасць дасведчаных людзей бачаць сябе толькі менеджарамі лічбавых кампаній або кампаній, якія займаюцца лічбавымі і ІТ-тэхналогіямі. Але я намякнуў на тое, што зямлю араць, гайкі тачыць, ствараць прадукты машынабудавання і іншае — гэта застанецца яшчэ надоўга, калі не назаўсёды. Хоць  “лічба” пранізвае ўсе галіны, і гэтыя ў тым ліку. Ад гэтага мы не адыходзім і адыходзіць не збіраемся».
Як далажыў кіраўніку дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын, прапанова аб стварэнні ў Беларусі «хайтэк-універсітэта» грунтуецца на неабходнасці арганізацыі ў краіне падрыхтоўкі кадраў новай фармацыі. «Сусветная эканоміка пад уплывам ІТ-тэхналогій набывае зусім іншы выгляд. З’яўляюцца новыя галіны, якія генерыруюць каласальныя даходы, практычна не выкарыстоўваючы традыцыйныя рэсурсы і механізмы. І ў гэтым ключавую ролю адыгрывае чалавечы капітал. Беларусь заўсёды славілася сваімі людзьмі, а наша адукацыя заўсёды цанілася на постсавецкай прасторы, – адзначыў ён. – Аднак у новых умовах неабходны прынцыпова іншыя падыходы, якія дадуць магчымасць захаваць і развіць гэты статус. Наша сістэма адукацыі сёння ў цэлым задавальняе патрэбнасці кадраў. Але для паспяховай лічбавай трансфармацыі і стварэння новай эканомікі нам неабходны спецыялісты зусім іншай якасці. Такіх мы пакуль не рыхтуем».
БелТА.