На базе Шумілінскай СШ №2 прайшоў раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці

Адукацыя Актуалии Эканоміка

Фінансавыя  задачы – па  сілах
На мінулым тыдні на базе Шумілінскай СШ №2 прайшоў раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод вучняў старшых класаў, ініцыяванай Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі. Удзельнічалі 13 вучняў з 6 навучальных устаноў раёна.

Вольга Масько з пераможцамі алімпіяды Яўгенам Мацюшковым, Яўгенам Шабліным і Ульянай Пушкаровай.

85 балаў са 100 магчымых набраў Яўген Мацюшкоў, вучань 11 класа Шумілінскай СШ №2, і стаў сёлета пераможцам раённага этапа. Другое месца ў адзінаццацікласніка Яўгена Шабліна з Шумілінскай СШ №1 (79 балаў). Толькі на адзін бал адстала дзесяцікласніца Ульяна Пушкарова з Кардонскай школы, якая стала трэцяй. Усе трое будуць прадстаўляць Шуміліншчыну на абласным этапе, які пройдзе ў лістападзе ў Віцебску.
Алімпіядныя заданні ўключалі 30 пытанняў у выглядзе тэстаў, якія тычыліся асабістых фінансаў, наяўных грошай, зберажэнняў, пазык, лічбавага банкінгу, дзейнасці цэнтральнага банка, страхавання, падаткаў, інвестыцый, былі ўключаны  задачы на фінансавыя разлікі.
Выступаючы перад удзельнікамі алімпіяды падчас узнагароджання,
дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №225 г. п. Шуміліна ААТ “ААБ Беларусбанк” Вольга Масько адзначыла: “Радуе, што вучні дэманструюць добрыя веды па дзейнасці Нацыянальнага банка, валодаюць тэрміналогіяй, разбіраюцца ў асабістых фінансах, умеюць рашаць фінансавыя задачы. Гэта ўсё абавязкова спатрэбіцца ў жыцці”.
Як расказалі ўдзельнікі алімпіяды, у падрыхтоўцы ім дапамаглі і школьныя факультатыўныя заняткі. Так, “Асновы эканамічных ведаў” выкладаюць у Шумілінскай СШ №2, Обальскай СШ і Мікіціхінскай СШ, “Асновы фінансавай граматнасці” – у Шумілінскай СШ №1.
Нагадаем, што алімпіяда праходзіць у нашай краіне штогод, пачынаючы з 2014 года, і з’яўляецца адным з найбольш маштабных і значных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці маладога пакалення.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2019 г.