Свои дожинки провели в ОАО “БоровинкаАгро”

Сельское хозяйство

У клуб ішлі сем’ямі
Канец лістапада не дарэмна абраны для свята працаўнікоў вёскі. На палетках зацішша. Даўно ўбралі зерневыя і рапс, пасеялі азімыя. Самы час правесці свята. У “АграБаравінцы” па добрай старой традыцыі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі адзначаюць кожны год. І актавая зала поўнасцю прадастаўлена механізатарам, камбайнерам, жывёлаводам – тым, хто працуе на палях і фермах.
Так было і ў мінулую суботу. Прыбраныя вяскоўцы, некаторыя цэлымі сем’ямі, прыйшлі на свята ў мясцовы сельскі клуб.
Павіншаваць вяскоўцаў завітаў на свята і  намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў. Алег Пятровіч адзначыў зладжаную  работу ўсяго калектыву “АграБаравінкі”. Менавіта па гэтай прычыне акцыянернае таварыства лідзіруе па надоях, па вырашчанаму ўраджаю. Напрыклад, сёлета намалацілі 3514 тон зерня.

Выступаюць "Гарэзнікі"

“Увогуле сёлетні год быў для нас нялёгкім, – адзначыў у сваім дакладзе дырэктар сельгаспрадпрыемства А. І. Мясаедаў. – У нялёгкіх эканамічных умовах мы выжылі. І гэта дзякуючы працалюбству ўсяго нашага калектыву, дзякуючы таму моцнаму фундаменту, які залажылі нашы ветэраны і былы кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Анатольевіч Шалюта разам са сваёй камандай – галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі. І не толькі выжылі, але і дабіліся нядрэнных поспехаў: на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 30,6 цэнтнера кармавых адзінак, гэтага  дастаткова для паспяховай зімоўкі. За дзесяць месяцаў сёлета надаілі 3700 тон малака, што на 426 тон больш, чым летась”.
Дададзім: у гэтым годзе па выніках раённых спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў, па вытворчасці і продажы малака “АграБаравінка”  заняла першае месца ў раёне, па рамонце і добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых памяшканняў – другое, па вытворчасці мяса – трэцяе.
За поспехамі, стараннямі і дасягненнямі стаяць людзі. Простыя, старанныя, шчырыя і працавітыя. Менавіта на іх плячах трымаецца гаспадарка. І іх ад душы віншавалі на свяце. Грашовыя прэміі  ў гэты дзень атрымалі больш за паўтары сотні чалавек. Славяць гаспадарку  І. Б. Бегуноў, які сёлета заняў у раёне першае месца сярод механізатараў, занятых на касьбе траў. Лепшым тэхнікам-асемянатарам у раёне прызнаны С. М. Калдуноў, а лепшым галоўным ветурачом –  В. С. Багаева. Яны і многія іншыя перадавікі вытворчасці ведаюць сапраўдны кошт кожнага атрыманага кілаграма зерня, малака і мяса. Безумоўна, людзям  прыемна, што іх праца заўважана і годна ацэнена.
Па традыцыі дырэктару акцыянернага таварыства ўручылі духмяны каравай (на здымку).
Прысутных  весялілі  песнямі, танцамі і прыпеўкамі артысты з Обалі. Народны ансамбль “Гарэзнікі” спецыяльна да свята працы ў аграгарадку Башні прымеркаваў сваю цікавую праграму. І яна, трэба адзначыць, прайшла весела, пад гучныя апладысменты гледачоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №90 ад 22.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *