Чаму людзі не даражаць жыццём? або Мemento morі

Бяспека Грамадства

Чаму  людзі  не  даражаць  жыццём?
або Мemento morі
Вы не заўважалі, што апошнім часам людзі  сталі абыякава адносіцца да свайго жыцця? Абясцэньваюць яго, не берагуць у самых звычайных сітуацыях: калі пераходзяць дарогу, уткнуўшыся ў смартфон, калі ідуць па краі з навушнікамі, калі не пазначаюць сябе флікерам, калі ігнаруюць пешаходны пераход…

Чаму мы ставімся да жыцця з недаравальнай лёгкасцю? Кажуць, што калі сам чалавек перастае клапаціцца пра сваю бяспеку, ад яго і анёлы-ахоўнікі   адварочваюцца – у іх проста няма сіл, каб штодзённа клапаціцца і ратаваць.  Напэўна, не хапіла сіл у ахоўнікаў-анёлаў дзвюх жанчын, якія на мінулым тыдні трапілі пад колы аўтамабіля.
Адна жанчына, якая размяняла пяты дзясятак, раніцай вырашыла перабегчы вуліцу Кароткіна ў 15 метрах ад пешаходнага перахода і трапіла пад колы аўто. Атрымала цялесныя пашкоджанні сярэдняй цяжкасці, знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Супрацоўнікі ДАІ разбіраюцца ў гэтым здарэнні, але факты не зменшаюць бязглуздасць і незразумеласць паводзін сталай жанчыны.
Другая, 23-гадовая маладзіца, без флікераў а сёмай гадзіне вечара ішла ў бок Полацка па сярэдзіне дарогі Р-20.  Вадзіцель, які рухаўся ў спадарожным накірунку, не мог у цемры здалёк убачыць пешахода. А машына, як вядома, не можа імгненна спыніцца. У выніку  жанчына з цяжкімі траўмамі дастаўлена ў бальніцу, знаходзіцца ў рэанімацыі.
Як паведамілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, у абодвух выпадках вадзіцелі цвярозыя, а вось жанчыны-пешаходы – п’яныя. Што рабіць вадзіцелю, калі пешаходы самі кідаюцца пад машыну, калі ідуць па праезнай частцы?
Ці возьмем веласіпедыстаў, якія і цвярозыя часта не прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху, ну, а п’яныя – увогуле забойцы на дарозе. Свежы ў памяці выпадак, калі на дарозе Р-20 каля Завяззя нецвярозы веласіпедыст апынуўся пад коламі вялікагрузнага аўтамабіля. Траўмы былі несумяшчальныя з жыццём. А вось нецвярозаму веласіпедысту з Добрына, можна сказаць, пашанцавала: ён застаўся жывым, калі ля Мікіціхі трапіў пад колы аўто.
Дык што, п’янаму і мора па калена? Магчыма, калі б былі цвярозыя, падумалі пра жыццё, пра сям’ю, пра дзяцей, наогул пра паводзіны ў канкрэтнай сітуацыі. Гэта тычыцца і пешаходаў, і вадзіцеляў, і веласіпедыстаў.
Дарэчы, нярэдка правілы дарожнага руху свядома парушаюць цвярозыя пешаходы і вадзіцелі. Нядаўна на аўтадарозе Р-20 (ля сасонніка) была  ўсталявана камера фотафіксацыі. Прылада працуе, але пакуль што ў тэставым рэжыме: рэагуе на перавышэнне хуткасці, спрацоўвае ўспышка. Асобныя вадзіцелі тэлефануюць у аддзел унутраных спраў і абураюцца, чаму няма папераджальнага знака аб устаноўленай камеры.  А на што абураюцца – на сябе, на тое, што самі перавышаюць хуткасць? Калі паназіраць, дык “міргае” камера на кожны другі аўтамабіль. Не парушайце хуткасны рэжым – і міргаць не будзе. Ды і на дарозе стане бяспечна для пешаходаў і для саміх вадзіцеляў і іх пасажыраў.
За 9 месяцаў 2019 года ў рэспубліцы адбылося 2424 ДТЗ, у якіх загінула 337 чалавек, 2615 паранена.
У Віцебскай вобласці за гэты ж перыяд зарэгістравана 254 ДТЗ, 58 чалавек загінула і 259 паранена (у 2018 годзе загінула 44). З удзелам пешаходаў на Віцебшчыне зарэгістравана 86 дарожна-транспартных здарэнняў (21 чалавек загінуў, 71 паранены), з якіх 32 ДТЗ адбыліся па віне пешаходаў.
У Шумілінскім раёне  адбылося 6 ДТЗ, у якіх 3 чалавекі загінулі і 6 паранена.
Зводкі дарожна-транспартных здарэнняў нагадваюць ваенныя: загінуў, атрымаў раненні, пераломы, пацярпеў – «вайна на дарогах», як ні сумна, ідзе сёння, у мірным жыцці. І вінаваты ў гэтым мы, калі не беражом уласнае жыццё, злоўжываем спіртнымі напіткамі, не клапоцімся пра бяспеку іншых. Рэдка хто помніць знакамітае выказванне  «memento morі»  – «памятай пра смерць», якая заўжды побач і толькі чакае свайго часу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2019 г.