На подходе зима. Люди вспомнили, что им нужны дрова

Актуалии Общество Экономика

Пра  дровы  і  брыкет  клапаціцеся  загадзя

Шумілінскі філіял Віцебскага абласнога  ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам  прапануе набыць жыхарам раёна як дровы, так і торфабрыкет.

За многа гадоў работы ў філіяле яго спецыялісты заўважылі такую тэндэнцыю: калі раней дровы куплялі загадзя, так бы мовіць, у запас, то зараз – з плеч ды ў печ. У спякотным чэрвені, напрыклад, мала хто з жыхароў раёна думаў, што наступіць зіма. І летам работнікам паліўзбыта прыходзілася нават тэлефанаваць спажыўцам і нагадваць, што трэба запасціся дрывамі. Куплялі, але далёка не ўсе. Некаторыя спасылаліся на недахоп грошай. Зараз людзі крыху ажывіліся. Тэлефануюць, заказваюць па 3-4 прычэпы паліва за дзень.
– У гэтым годзе Шумілінскі лясгас прывозіць нам дровы добрай якасці, – кажа дырэктар філіяла Уладзімір Кійко. – На сённяшні дзень да свайго плана ў 2800 кубаметраў не давезлі толькі 100 кубаметраў – гэта работа на адзін дзень. На дровы ідуць і бяроза, і вольха, і асіна, і елка, і сасна. У асноўным (80%) –  ліставыя пароды. Нашымі пакупнікамі сталі і тыя жыхары раёна, якія раней набывалі дровы ў прыватнікаў.
За кошт таго, што людзі сталі актыўней купляць дровы ў верасні-кастрычніку, мы прадалі 3200 кубаметраў, што прыкладна на 10% больш, чым летась.
– А калі нехта не мае паліўнай кніжкі, але хоча купляць у вас дровы, як быць? – пытаемся ва Уладзіміра Мікалаевіча.
– У такім разе трэба з пашпартам прыйсці ў наш філіял і атрымаць кніжку. Яна фіксуецца ў нашай базе, і пры далейшай пакупцы паліва гаспадарам прыходзіць да нас неабавязкова, дастаткова толькі патэлефанаваць. Выдаецца паліўная кніжка толькі тым, хто зарэгістраваны на тэрыторыі Шумілінскага раёна. Дачнікі таксама могуць купляць у нас дровы, але па свабоднай цане, якая ў два разы большая, чым фіксаваная.
Дарэчы, фіксаваныя цэны на паліва не мяняліся з 2015 года: зараз прычэп дроў у 4,9 кубаметра каштуе 120 рублёў. Такая ж цана і на торфабрыкет, якога ў прычэп змяшчаецца 3,5 тоны. Ну, а калі заказваюць дровы ў вёскі раёна, то налічваюцца яшчэ транспартныя выдаткі – адзін кіламетр дастаўкі каштуе 4 рублі 42 капейкі.
Каб паліва зрабіць танным, некаторыя жыхары раёна прыязджаюць за ім на сваіх уласных трактарах. Напрыклад, у час нашага наведвання філіяла загружалі прычэп МТЗ, гаспадар якога прыехаў з Язвіна. «Кожны год бяру торфабрыкет у паліўзбыце, бо нідзе больш у раёне ён не прадаецца, – расказаў мужчына. – Маю ўласную качагарку, якую брыкетам паліць выгадна, – цеплааддача большая».
У гэтым годзе філіял прадаў тысячу тон торфабрыкету, гэта  крыху менш, чым летась, але з даведзеным планам да канца года мяркуюць справіцца. Зараз пад навесам ёсць каля 70 тон, кожны тыдзень з торфапрадпрыемства, якое знаходзіцца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, па чыгунцы паступае па вагону паліва, які змяшчае 50 тон.
– Наш філіял абслугоўвае паўтары тысячы домаўладанняў, – кажа Уладзімір Кійко. – Многія аддаюць перавагу дрывам, іншыя бяруць брыкет. Мы працуем дзеля людзей, таму прадугледжана і сумесная пакупка – па жаданні пакупніка па норме адпускаецца 3 тоны брыкету і 1,2 кубаметра дроў. Хацелася б, каб нашы спажыўцы загадзя тэлефанавалі і заказвалі паліва. Тады мы можам каардынаваць і планаваць сваю работу: у якім месяцы больш напілаваць дроў і калі даць дадатковую заяўку на торфабрыкет.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №87 ад 06.11.2019 г.