Заказніку «Казьянскі» – 20 год

Актуалии Новости Экология

Тут жывуць мядзведзь, барсук і рысь
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі» утвораны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 1999 г. № 1765. Галоўная мэта стварэння ландшафтнага заказніка – захаванне ўнікальных ландшафтаў Беларускага Па-азер’я з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў рас-лін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі» размешчана на тэрыторыі Полацкага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Агульная плошча заказніка складае 26060 га, на тэрыторыі Полацкага раёна заказнік займае 5298,6 га, на тэрыторыі Шумілінскага раёна  – 20761,4 гектара.  Плошчу заказніка «Казьянскі» прапануюць значна павялічыць. Праект Пастановы Савета Міністраў  «Аб пераўтварэнні рэспубліканскага заказніка «Казьянскі» вынесены на грамадскае абмеркаванне на Прававым форуме Беларусі. Згодна з праектам дакумента, у выніку карэкціроўкі межаў плошча заказніка складзе 28469,05 га.
Плошча заказніка павялічыцца  за кошт зямель ляснога фонду Полацкага,  Дрэтуньскага і Шумілінскага лясгасаў, якія маюць высокую прыродаахоўную каштоўнасць і значнасць для захавання біялагічнай разнастайнасці.
На гэтых землях выяўлена адно месца пражывання дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама 15 участкаў з эталоннымі расліннымі супольнасцямі (больш за 300 га) і адзін тыповы ландшафт (больш за 400 га).
20 фактаў пра заказнік «Казьянскі»:
1. Верхавыя балоты заказніка «Казьянскі» з’яўляюцца каласальным рэзервуарам прэснай вады і валодаюць вялікімі запасамі журавін.
2. Заказнік называюць тундрай у сэрцы Еўропы, бо тут расце марошка прысадзістая.
3. Можна сустрэць расянку круглалістую  (травяністая расліна, якая харчуецца насякомымі).
4. Заказнік «Казьянскі»  – адзінае месца на тэрыторыі Беларусі, дзе расце рэдкі знікаючы рэліктавы субарктычны мох – сфагнум Ліндбэрга, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
5. Обальскія балоты, якія месцяцца на тэрыторыі заказніка, называюць лёгкімі Еўропы.
6. Тут маецца сістэма азёр, у якую ўваходзіць больш за сотню другасных азёр дыяметрам ад 20 да 50 метраў.
7. У азёрах Мошна, Расалай, Красамай сустракаюцца вялікія запасы сапрапелю.
8. У заказніку ёсць своеасаблівае блукаючае возера Марынец (штогод яно перасоўваецца на 1-2 метры з поўдня на поўнач).
9. У “Казьянскім” знойдзены ўнікальныя гнездзішчы шызай чайкі.
10. Вясной у раёне балотнага масіву «Обаль-2» можна назіраць за шлюбнымі танцамі шэрага жураўля.
11. На тэрыторыі заказніка можна ўбачыць беркута, вельмі рэдкі від. У Беларусі іх гнёзды зной-дзены толькі ва ўсходняй частцы Паазер’я.
12. У межах заказніка знойдзена гнездаванне адной пары барадатай няясыці.
13. Тут гняздуецца арлан-белахвост, у Беларусі маюцца адзінкавыя выпадкі яго гнездавання.
14. На заходнім беразе возера Расалай можна ўбачыць  гагару, у  Беларусі яна гняздуецца толькі на поўначы.
15. У заказніку жыве буры мядзведзь, адзіны прадстаўнік сямейства ў фаўне рэспублікі, зарэгістравана 3-5 асобін.
16. Водзіцца еўрапейская рысь.
17. Зарэгістраваны паселішчы барсука ва ўрочышчы «Обаль-2».
18. Археалагічнай спадчынай з’яўляецца замчышча Казьян 1566-1579 гг.
19. У раёне вёскі Красамай знаходзіцца курганны могільнік ранняга сярэднявечча, як мяркуецца, крывіцкі.
20. Помнік прыроды – дубовая алея, узрост якой больш за 300 гадоў, знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі Прудок.
Алена ГАЕВА, вядучы спецыяліст  РЛЗ «Казьянскі».
Апублікавана ў №88 ад 12.11.2019 г.