В Светлосельском сельсовете прошел подворный обход

Актуалии Сельское хозяйство

Колонка на улице Колхозной в д. Язвино

“Бярыце рыдлёўку і засыпайце…”
У пачатку тыдня прайшоў падворны абход тэрыторыі Светласельскага сельсавета. У панядзелак  спецыялісты райвыканкама абыходзілі падворкі вёскі Язвіна. У прыватнасці, карэспандэнт раёнкі разам з прадстаўніком Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абыходзіў адну з найбольш працяглых вуліц Язвіна – вуліцу Калгасную.
Завіталі ў першы дом. На падворку – парадак, гаспадары адзначаюць, што праблем няма, а калі ўзнікаюць, то імкнуцца самі вырашыць, не чакаць, пакуль да іх нехта прыйдзе і дапаможа. Праўда, такі пазітыў быў толькі на самым пачатку. І літаральна ў другой-трэцяй хаце нам паведалі пра першую праблему вуліцы – дарогу.
— Задыхаемся ад пылу. Па нашай пясчанай дарозе і трактары, і машыны, а вакол слупы пылу…
Высветлілася, што жыхары раней ужо звярталіся па гэтаму пытанню, толькі вось праблема як была, так і засталася. Ды і жыхары прызвычаіліся, перасталі  верыць, што нарэшце дарога перастане іх “адорваць” пылам.
Вока трапляе на нядбайную агароджу. Заходзім да гаспадароў, якія нас ветліва сустракаюць. Тут жывуць два пенсіянеры. Расказваюць пра вясковае жыццё-быццё. І раптам гаспадар пачынае дзяліцца з намі сваёй бядой:
— Агароджа зусім старэнькая, непрывабная. Замяніць на драўляную – дорага. Вырашылі абысціся металічнай сеткай. Тым больш, што летась у магазіне райспажыўтаварыства заказалі і адтуль хутка прывезлі. Сёлета па вясне зноў у краме заказалі сетку. Але райспажыўтаварыства марудзіць, прадаўцы адказваюць, што няма яе ў продажы. Былі ў райцэнтры. У крамах сетка ёсць. Толькі вось самім прывезці – няма сіл. Можа, вы падкажаце, чаму райспажыўтаварыства не можа прывезці сетку ў краму ў Язвіне?
У гэтым краі вуліцы кінулася ў вочы яшчэ адна асаблівасць: практычна ў кожным двары – калодзеж, хаця і калонак дастаткова. Пра гэту акалічнасць патлумачым крыху ніжэй.
Заходзім у адну хату, у другую – гучыць новая набалелая праблема: у калонках рэдка калі ёсць вада. Зімою мароз перашкаджае, а летам – спёка. З-за гэтага ў дамах нельга карыстацца пральнымі машынамі.
Чым далей – тым больш. Вось ужо людзі пачалі згадваць “дзіўную” калонку, з якой вада льецца з трубы, побач б’е крынічкай, ды так, што небяспечна стала падыходзіць. Калонка пацякла яшчэ па вясне. Работнікі камунгасу прыязджалі, паглядзелі, нешта пакорпаліся і паехалі. Калонка, як цякла, так і цячэ.
Заходзім да жанчыны, якая званіла ў ЖКГ. Яна кажа, што такой безгаспадарлівасці не бачыла даўно. Грошы літаральна выцякаюць у зямлю. Прыводзім дыялог гаспадыні і дыспетчара камунгасу, які адбыўся пры нас:
— Па вуліцы Калгаснай у Язвіне з вясны калонка цячэ.
— А чаму раней не паведамлялі?
— Я вам і ў красавіку, і ў маі тэлефанавала.
— Ну і што, да вас ніхто не прыязджаў і нічога не зрабіў?
— Прыязджалі, але не адрамантавалі.
— Добра. Сёння планёрка будзе, перадам і вашу праблему. У бліжэйшы час адрамантуем.
Але ж гаспадыня, як і большасць жыхароў, ужо не верыць у абяцанае. Так і ў мінулыя разы было, ветліва размаўлялі, абяцалі, а толку мала. Дарэчы, на момант здачы газеты ў друк праблема не была вырашана.
Праўда, мы яшчэ адну “дзіўную” калонку на гэтай вуліцы ўбачылі — з яе пастаянна лілася вада (відаць, гэта былі тыя дзве калонкі па вуліцы Калгаснай, у якіх пастаянна ёсць вада).
На заканчэнні вуліцы  яшчэ адна праблема: да аднаго з дамоў вялі водаправода, насупраць утварыўся небяспечны вадаём. Неўзабаве дом страціў гаспадара, а сажалка стала галаўным болем суседзяў. Так і глядзі, каб ўнукі не пасунуліся туды. На свае просьбы засыпаць чуюць наступнае: “У чым справа? Бярыце рыдлёўкі і засыпайце”.
Вось такімі праблемамі жыве язвінская вуліца Калгасная…
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №55 ад 13.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *