Куда текут городские стоки

Экономика

Пра галаўны боль і чыстую ваду на выхадзе…

Першым  на ачышчальных збудаваннях УП ЖКГ, што пад вёскай Губіца, сустрэў сабака, які напінаў ланцуг,  разлягаўся так, што беглі мурашкі па целе. З боку рэзервуараў комплексу нам насустрач шыбаваў брыгадзір Валерый Аляксандравіч Зданевіч.
— Суровая варта, — бачачы нашу “сабачую” цікаўнасць, засмяяўся ён. — А калі сур’ёзна, то аб’ект наш — стратэгічны, без яго чалавек не выжыве…
Гэта прапісная ісціна. Брыгадзір знаёміць са сваёй нялёгкай гаспадаркай. Узнімаемся па прыступках на пагорак, пачынаем з самага пачатку, дзе паступаюць сцёкі для ачысткі. Тут вось адзін рэзервуар, дзе ачышчэнне першаснае, механічнае, а далей сцёкі ачышчаюцца біялагічным спосабам —жывымі мікраарганізмамі. Ніякай хіміі, ніякай атруты. На месцы разводзяць так званы мікробны глей. Другі рэзервуар увесь клякоча, бурліць у ім так, нібыта знутры “жыве” нейкі казачны чарадзей. Клякоча мутная вадзяная маса.
— Тут глыбока, на 9 метраў, — расказвае В. А. Зданевіч. — Гэта наша гордасць. Неўзабаве пакажу вам, якая вада на выхадзе. Дзеля гэтага і варта служыць…
Далей ідзе яшчэ адзін рэзервуар, і вось мы на мастку, з-пад якога з трубы шуміць, збягае у канаву жаўтавата-блакітны паток.
— Піць не бяруся, — гаворыць Валерый Аляксандравіч, чэрпаючы рукой ваду, — а вось на нюх, на смак  вазьму…
Чэрпаю рукой і я: вада — без ніякага паху. Пацвердзілі нядаўна выключную бяспеку для экалогіі і апошнія аналізы, узятыя абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Бяруцца заборы раз на квартал, і вось ужо з 2005 года тут без праблем. Пасля таго, як правялі на ачышчальных рэканструкцыю. І хаця яна  не прайшла  без сучка і задзірынкі, усё ж важны канчатковы вынік: вада на выхадзе чыстая. Чаго пакуль што не скажаш пра ачышчальныя ў Мікіцісе. Аб’ект таксама стратэгічны, і перш за ўсё таму, што скідвае пасля ачышчэння сцёкі ў вадаёмы. Нядаўна мікіціхінскі аб’ект “нарваўся” на салідны штраф. Так што тут ачышчальныя патрабуюць кардынальных мер.
За суткі на шумілінскія ачышчальныя збудаванні паступае для ачышчэння звыш 2 тысяч кубічных метраў сцёкаў. Гадоў пяць назад іх паступала намнога менш, а пасля дазволілі скідваць каналізацыю з “Вітконпрадукта”, у апошні час узрасло жыллёвае будаўніцтва, а значыць, і сцёкаў стала больш. У адну трубу паступае і ліўневая каналізацыя. Сёння гэта — галаўны боль кіраўніцтва УП ЖКГ: дажджы ды ліўні нясуць праблемы, ад якіх церпяць жыльцы дамоў, што наў-кола каналізацыйна-помпавай станцыі ў Шуміліне. Перш за ўсё жыллё па вуліцы Юбілейнай у раёне былога “Вецярка”, падвалы якога нярэдка затапляюцца. Станцыя даўно не ведала рамонтаў, акрамя хіба замены адной помпы. Рухавікі —  па 37 кілават кожны. Але каб перапампоўваць аб’ёмы, што растуць, патрэбны тут больш магутныя рухавікі. Эканомныя і больш зручныя ў абыходжанні. Пакуль што ціск вызначаюць па-дзедаўску, на вока, без усякіх манометраў. Падключылі да КПС дом, што здаецца ў раёне СШ № 2, але гарантыі, што не “захлынецца” помпавая станцыя, няма. Такой трывогай падзяліўся адзін з машыністаў КПС.
Ведаюць аб застарэлай праблеме ў камунгасе. Дырэктар  прадпрыемства В. А. Коўзан разлічвае прабіць на наступны год рэканструкцыю помпавай станцыі. Як яно будзе, пакажа час, а пакуль на КПС сядзяць, даруйце, як на мінах. Затое пашанцавала пяць гадоў таму самім ачышчальным у Шуміліне (на рэканструкцыю пайшло 1,5 мільярда рублёў экалагічных грошай), за два прыёмы заменяць на поліэтыленавыя 4 кіламетры калектарнай трасы: чыгунныя раз’ядаюцца, здараюцца частыя парывы. Работы вядуцца актыўна, сумарныя асваенні складуць амаль адзін мільярд рублёў. Грошы — з экалагічнага Фонду.
Брыгадзір В. А. Зданевіч перакананы: ачыстку адрэгулявалі. Праўда, ёсць у яго жаданне замяніць і латкі, па якіх цячэ вада. Ім столькі ж, як і самім збудаванням, — 23 гады. Зношаны, не шкодзіла б замяніць на больш даўгавечныя, поліэтыленавыя. Грошы тут трэба невялікія — недзе 5 мільёнаў. У астатнім — норма.
Прыбытку ад ачышчальных збудаванняў, тым не менш, у камунгасе не бачаць. Растуць выдаткі, адпаведна не зусім прывабная карціна з сабекоштам паслугі. Львіную долю ў сабекошце займае электраэнергія. За першае паўгоддзе  шумілінскія ачышчальныя збудаванні спажылі 346 тысяч кілават — намнога больш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. Не працуюць на аздараўленне эканомікі УП ЖКГ  і павышэнні тарыфаў на электраэнергію. Вось тут дарэчы была б рэканструкцыя помпавай станцыі, пра якую гаварыў дырэктар В. А. Коўзан. А спажывец (мы з вамі, кватэра-здымшчыкі) аплатай за каналізацыю кампенсуе выдаткі прадпрыемства ўсяго на 11%. У астатнім  камунгас атрымлівае дзяржаўныя датацыі.

Автор Николай МОРОЗ.
Опубликовано в №59 от 03.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *