Абмеркавалі работу па прафілактыцы правапарушэнняў і фарміраванні здаровага ладу жыцця

Актуалии Общество Экономика

Дастукацца  да  кожнага
На чарговым пасяджэнні пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якое прайшло ў пачатку тыдня пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Новікавай, было разгледжана пытанне аб рабоце па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, фарміраванні здаровага ладу жыцця на тэрыторыі Шуміліна.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня камісіі Ірына Новікава адзначыла, што актуальнасць вынесенаму на абмеркаванне пытанню надае той факт, што 43% насельніцтва раёна жыве ў райцэнтры, а з 1794 грамадзян, унесеных у базу дадзеных незанятых у эканоміцы, 667 чалавек (37%) жывуць у Шуміліне. Пры гэтым сярод 450 грамадзян, па якіх не прыняты рашэнні камісіі аб прызнанні іх занятымі, 202 жывуць у райцэнтры. Члены камісіі дакладна вывучылі сітуацыю з кожным грамадзянінам, унесеным у базу, таму можна сцвярджаць, што пераважная большасць незанятых грамадзян – гэта людзі, якія не жадаюць працаваць, у пераважнай большасці вядуць асацыяльны лад жыцця, п’янствуюць.
Менавіта гэтая катэгорыя ўчыняе правапарушэнні, крадзяжы, іншыя злачынствы. Таму яны не павінны застацца па-за ўвагай. Штодзённай настойлівай індывідуальнай работай трэба дастукацца да кожнага. Нават адзін чалавек, які памяняе сваё жыццё, пачне працаваць, – гэта станоўчы вынік работы.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, якая з’яўляецца намеснікам старшыні камісіі па садзейнічанні занятасці і кіраўніком грамадскага пункта аховы правапарадку г. п. Шуміліна, прадставіла інфармацыю аб рабоце, якая праводзіцца ў райцэнтры ўсімі суб’ектамі прафілактыкі. А гэта і органы ўнутраных спраў, і медыцынская, санітарная,  сацыяльныя службы, грамадскія фарміраванні і іншыя. Работа вядзецца па розных напрамках, з рознай эфектыўнасцю, і накіравана,  у першую чаргу, на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў.
Ірына Іванаўна падкрэсліла той факт, што большасць грамадзян, якія не працуюць, злоўжываюць алкаголем. Гэта часта з’яўляецца і прычынай таго, што іх не бяруць на работу. Так, са 195 жыхароў райцэнтра, што стаяць на ўліку ў нарколага, 25% не маюць пастаяннай работы, ды і лячыцца не вельмі спяшаюцца. Таму неабходна актывізаваць дзейнасць па прафілактыцы п’янства, наркаманіі, прапагандзе і фарміраванні здаровага ладу жыцця, асабліва ў моладзі. Тым больш, што ў Шуміліне для гэтага ёсць магчымасці – спартыўныя пляцоўкі і залы, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.
Урач-нарколаг Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы акрамя ўліку алкаголікаў вядзе і іх лячэнне – стацыянарнае і амбулаторнае. Праўда, выніковасць лячэння, асабліва амбулаторнага, калі прыём лекаў залежыць ад сумленнасці і жадання пацыента, выклікае пэўныя пытанні. Можна ананімна лячыцца і ў Віцебскім абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі.  Ужо некалькі год у райцэнтры дзейнічае група ананімных алкаголікаў пры касцёле. Магчыма, гэта таксама варыянт для людзей, які маюць жаданне пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці.
Кіраўнік камісіі прапанавала Шумілінскай ЦРБ прааналізаваць эфектыўнасць лячэння пацыентаў, хворых на алкагалізм.
На пасяджэнні камісіі таксама было прынята рашэнне аб аднясенні да катэгорыі занятых у эканоміцы 8 грамадзян, якія працуюць у Расіі і прадставілі пацвярджальныя дакументы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №91 ад 22.11.2019 г.