Як стаць выратавальнікам?

Молодёжь Образование

Як  стаць выратавальнікам?
Сёлетнім выпускнікам застаецца зусім мала часу, каб вызначыцца з будучым шляхам. Пра тое, дзе можна атрымаць прафесію, звязаную з забеспячэннем бяспекі і ратаваннем людзей, расказаў Дзмітрый Красоўскі, намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

– Тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка, запрашае Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у Мінску, – пачаў Дзмітрый Анатольевіч. – Універсітэт рыхтуе па спецыяльнасцях “папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” (толькі юнакоў) і “пажарная і прамысловая бяспека” (юнакоў і дзяўчат).
Тэрмін навучання ва ўніверсітэце 4 гады. Для паступлення неабходны сертыфікаты ЦТ па матэматыцы, фізіцы, рускай (беларускай) мове. Да паступлення ўсе кандыдаты ў абавязковым парадку праходзяць прафесійны адбор, які ўключае правядзенне спецыяльных праверак, вывучэнне маральных і дзелавых якасцяў, медыцынскае засведчанне ваенна-ўрачэбнай камісіяй, вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці кандыдатаў.
Усе курсанты, зазначыў Д. Красоўскі, забяспечваюцца месцамі для пражывання, харчаваннем, форменным абмундзіраваннем, дзяржстрахаваннем і медабслугоўваннем, а таксама стыпендыяй у сярэднім каля 300 рублёў штомесяц. Падчас вучобы курсанты маюць магчымасць вывучыцца на ва-дзіцеля і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”. Выпускніку прысвойваецца афіцэрскае званне “лейтэнант унутранай службы” і гарантуецца працаўладкаванне. Размяркоўваюцца выпускнікі пераважна па месцы жыхарства ці ў бліжэйшае падраздзяленне.
Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на бюджэт, могуць прыняць удзел у конкурсе на дзённую форму навучання на платнай аснове.
Для тых, хто не паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны, добрым выбарам будзе паступленне ў Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж на спецыяльнасць “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” з тэрмінам навучання на дзённай бюджэтнай форме 2 гады і 7 месяцаў. У каледж прымаюцца юнакі ад 17 да 25 год, якія маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. Інтэрнат прадастаўляецца. Выпускнікі каледжа атрымліваюць рабочую спецыяльнасць “выратавальнік-пажарны” і працаўладкоўваюцца ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях на пасады радавога і малодшага начальніцкага складу. Па заканчэнні каледжа можна паступаць ва Універсітэт грамадзянскай абароны на скарочаную завочную форму навучання (3 гады).
Для фарміравання вучэбнай справы на паступленне Дзмітрый Красоўскі рэкамендуе звяртацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (г. п. Шуміліна, вул. Луначарскага, 44а, тэл. 4-10-01).
Апублікавана ў № 90 ад 19.11.2019 г.